Навагоднія ёлкі на плошчах Мінска (фотарэпартаж)
Сёлета зялёныя прыгажуні стаяць на газоне і асфальце, а адсутнасць сапраўднага снегу кампенсуюць штучнымі сняжынкамі.
“Падабаецца. Прыгожая ёлка. Вялікая. Натуральная была б лепш, зразумела”, – расказваюць нам дзве маладыя дзяўчыны, якія прагульваюцца па Кастрычніцкай плошчы. Тут як і заўсёды паставілі самую вялікую навагоднюю ёлку краіны.
А вось сталая жанчына з дзяўчатамі не пагаджаецца. Ёй больш даспадобы штучныя ёлкі.
“Гэта ж якая шкода прыродзе. Такую вялікую натуральную – не. Усё ж такі гэта часова. Яна вельмі прыгожая. Я ўсё ж за тое, каб захоўваць елкі ў лесе”.
У сваім клопаце аб навакольным асяроддзі суразмоўца Еўрарадыё не самотная. Ідэя захавання прыроды беларусам далёка не чужая.
“У прынцыпе, натуральная, яна ж не зможа трымацца доўга. А гэтая штучная доўга прастаіць. Ды і экалогія лепш, напэўна. Навошта рубіць вялікія гэтыя елкі. У мяне дома маленькая ёлка. Такая, штучная, але вельмі прыгожая. Яна оптавалаконная. Пераліваецца ўся прыгожа. Грынпіс!”
Засмучае мінчукоў адсутнасць снегу. Сёлета яго па-сапраўднаму ў беларускай сталіцы яшчэ не было і замест сапраўдных сняжынак камунальнікі развесілі на слупах вялізныя штучныя.
“Гэта дрэнна. Снег заўсёды – гэта ж па-нашаму. Лепш снег. Так неяк змрачнавата. Каб быў снег, то, напэўна, было б весялей. Хаця б трошкі марозік. Градусаў пяць марозу. Было б проста казачна. Так Новы год больш адчуваецца”.
Акрамя недахопу снегу, ёсць яшчэ адна праблема – камунальнікі толькі пачынаюць развешваць гірлянды і іншыя ўпрыгожанні. Жыхары сталіцы спадзяюцца, што яны паспеюць да свята.
“Горад? Пакуль ён не ўпрыгожаны. Спадзяюся, што да Новага года ўпрыгожаць”.
А вось Дзяды Марозы і Снягуркі па праспекце Незалежнасці ўжо шпацыруюць, вылоўліваючы з натоўпу мінакоў. Праўда, гэта пакуль усяго толькі рэкламныя акцыі.