ЕС заклікаў Мінск выпусціць палітвязняў і распачаць дыялог з апазіцыяй
На саміце Усходняга партнёрства прынялі дэкларацыю па сітуацыі ў Беларусі.
“Кіраўнікі краінаў і урадаў, а таксама прадстаўнікі ЕС і яго краінаў-сябраў выказваюць сваю глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закона, шкадуюць з прычыны працягу абмежаванняў свабоды СМІ ў Беларусі і заклікаюць да тэрміновага вызвалення палітвязняў, заканчэння рэпрэсій у адносінах да грамадзянскай супольнасці і СМІ і пачатку дыялогу з апазіцыяй. Еўрасаюз таксама глыбока занепакоены звесткамі, што вязням адмаўляюць у кантактах з сем’ямі і адвакатамі, а таксама не даюць доступу да медыцынскай апекі, што яны знаходзяцца пад псіхалагічным і фізічным ціскам. Еўрасаюз паслядоўна прапанаваў паглыбіць адносіны з Беларуссю, і адначасова пацвярджаючы сваю палітыку крытычнага дыялогу, паўтарае што такое паглыбленне залежыць ад прагрэсу ў шанаванні беларускімі ўладамі дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека”, – гаворыцца ў Дэкларацыі па сітуацыі ў Беларусі, прынятай на Саміце Усходняга партнёрства 30 верасня 2011.
Прадстаўнікі краін Усходняга партнёрства не падпісаліся пад гэтай заявай. Таму пад ёй стаяць толькі подпісы прадстаўнікоў краін Еўрасаюза. Нагадаем, што супраць падпісання такога дакумента выказваліся Грузія і Украіна.
Фота: daylife.com