Эштан нагадала Мартынаву пра прынцыповую пазіцыю ЕС

Старшыня замежнапалітычнай службы ЕС Кэтрын Эштан на выніковай прэс-канферэнцыі ацаніла міністэрскія перамовы як "надзвычай добрыя". Перамовы па заключэнні Дамоваў пра асацыяцыю і візавую лібералізацыю з шэрагам краін Усходняга Партнёрства пасоўваюцца добрымі тэмпамі, заявіла Эштан.

Нагадаем, у гэтых сферах больш за ўсё прасунуліся Малдова, Украіна і Грузія. Беларусь — адзіная краіна Усходняга партнёрства, што не пачала перамовы пра Дамову аб асацыяцыі і перамовы па заключэнні Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыма з ЕС.

Кэтрын Эштан падкрэсліла, што павага да каштоўнасцяў — дэмакратыі і правоў чалавека — застаюцца адным з асноўных элементаў Усходняга Партнёрства. Высокі прадстаўнік ЕС паведаміла, што еўрапейскія міністры выказалі Мартынаву "сваю глыбокую занепакоенасць адсутнасцю пашаны да правоў чалавека, вяршэнства права і незалежных СМІ ў Беларусі". Чарговы раз міністры краін ЕС падкрэслілі важнасць вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных, змены рэпрэсіўнай палітыкі і свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў увосень 2012 года.

Кэтрын Эштан: "Наш мэсыдж Беларуісі вельмі ясны — у цэнтры Еўропы няма месца палітычным зняволеным. У той самы час мы працягваем палітыку крытычнага набліжэння з Беларуссю. Усходняе Партнёрства — важная платформа для данясення Беларусі дэмакратычных каштоўнасцяў і выгодаў еўрапейскага супрацоўніцтва".

Мартынаў і Эштан падчас сустрэчы ў 2010 г. Фота: Council of the European Union

У той самы час Эштан заявіла, што Усходняе Партнёрства будзе прыстасоўвацца да патрэбаў і магчымасцяў кожнай з краін-партнёраў, у тым ліку і тых, якія адстаюць ад іншых.

Кэтрын Эштан "Сённяшнія перамовы дапамогуць нам лепей распрацаваць сваю палітыку, каб Усходняе Партнёрства было як мага адкрытым. У той жа самы час, каб яно магло задаволіць патрэбы і амбіцыі найбольш прасунутых краін".

На сустрэчы ў Бруселі 23 ліпеня міністры замежных спраў дамовіліся, што на Саміце Усходняга Партнёрства ў Вільні ў 2013 годзе будзе ацэнены прагрэс па Дарожнай карце рэформаў, прапанаванай Еўракамісіяй і Высокім прадстаўніком па замежнай палітыцы ЕС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі