“Еўраопт” у Брэсце ўсё ж адкрылі (фотарэпартаж)
Некаторы ажыятаж быў.
Нягледзячы на супярэчлівыя звесткі ў інтэрнэце, сёння а 16.00 адбылося адкрыццё для персаналу, а 19.00 для кліентаў. Людзей сабралася каля тысячы. Ля ўваходу была застава з двух дзясяткаў міліцыянтаў і АМАПаўцаў як у чорных, так і ў малінавых берэтах. Два ўваходы былі разгароджаныя бар’ерамі. Людзей запускалі партыямі праз кожныя восем-дзесяць хвілін, так што апошнія зайшлі праз паўгадзіны пасля адкрыцця. Многія прыйшлі з дзецьмі.
У краме чакалі роставыя лялькі, Дзед Мароз і абяцаныя зніжкі. Бананы ў брэсцкім “Еўраопце” каштуюць на сённяшні вечар 8 500 беларускіх рублёў, яблыкі і грушы каля дзесяці тысяч, гарэлка “Белая река” 18 800 рублёў. Выгадны кошт на распушчальную каву.
Аднак тут пакуль няма абменніка. Многія з чатырох тысяч сямісот квадратных метраў плошчы гіпермаркета адгароджаныя глухімі заслонамі або афармляюцца паралельна з гандлем. Дырэкцыя тлумачыць гэта складанасцямі ў партнёраў з пастаўкамі італьянскага абсталявання.