Эштан: Сумна, што Беларусь не адказала на прапанову супрацоўніцтва

А 15-й гадзіне міністры замежных справаў краінаў ЕС абмяркуць, ці магчыма прыняць рашэнне па нашай краіне сёння. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратарка Савета ЕС Сюзана Кіфер.


Таксама перад сустрэчай міністраў замежных спраў кіраўніца знешнепалітычнай дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан паабяцала журналістам, што пытанне Беларусі будзе ўзнятае цягам дня, хоць яго і няма ў распарадку дня.

Кэтрын Эштан:Сітуацыя ў Беларусі выклікае вялікі непакой, калі мы думаем, што там адбываецца з асобамі, з людзьмі, якія знаходзяцца ў турме. І мне вельмі сумна казаць, што Беларусь не змагла адказаць на прапанову сапраўды моцнага і істотнага супрацоўніцтва з ЕС, як эканамічнага, так і палітычнага. Мы працягваем дасылаць свой вельмі моцны мэсэдж і па-ранейшаму лічым сітуацыю ў Беларусі непрымальнай. Сёння ў нас будзе чарговая магчымасць вырашыць, што з гэтым рабіць”.

***

Карл Більт: Без вострых санкцый мы будзем выглядаць слабымі

Узгадаў пра беларускае пытанне падчас прыбыцця на нараду міністраў замежных спраў краін ЕС у Брусэлі і кіраўнік швецкага МЗС Карл Більт.

Па яго словах, дыскусіі ў Камітэце сталых прадстаўнікоў (COREPER) працягваюцца.

Карл Більт:У Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі, і мы хочам завастрыць нашыя сродкі, без гэтага мы будзем выглядаць слабымі. Мы хочам вострых санкцый. Без вострых санкцый нашыя словы будуць выглядаць слабымі. Але вострыя санкцыі проста неабходныя. Калі мы не ўхвалім санкцыі зараз, то мы можам прыняць рашэнне і ў наступным месяцы”.

***

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, краіны ЕС у панядзелак могуць дасягнуць дамоўленасці аб пашырэнні беларускага "чорнага спісу". Як інфармуе РІА "Новости", у яго дадаюцца міліцыянты і суддзі, "адказныя за арышты і асуджэнне праціўнікаў рэжыму" — 21 чалавек. Таксама пад санкцыі патрапіць і некалькі беларускіх кампаній.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі