Еўрасаюз хоча, каб Беларусь увайшла ў СГА
Еўракамісія падрыхтавала даклад аб прыярытэтах і арыенцірах Еўрапейскай палітыкі суседства.
Згадваецца ў ім і Беларусь, да якой акрамя палітычных патрабаванняў Еўрасаюз вылучае і эканамічныя. Так, умовай збліжэння паміж ЕС і Беларуссю называецца ўваходжанне нашай краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).
Гэты даклад прадставілі ў аўторак журналістам у Брусэлі кіраўніца еўрасаюзаўскай дыпламатыі Кэтрын Эштан і еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле, перадае РІА "Новости".
У дакуменце нагадваецца, што Беларусь падала заяўку на ўваходжанне ў СГА ў 1993 годзе, але вялікага прагрэсу ў гэтым працэсе няма. Калі Беларусь пачала будаваць адзіную эканамічную прастору з Расіяй і Казахстанам, Еўрасаюз прыпыніў дзеянне гандлёвых прэферэнцый да нашай краіны.