Фестываль бразільскага кіно: без крымінальных стужак, але з Жоржы Амаду
Кінатэатр “Перамога” цягам тыдня будзе бясплатна знаёміць з нацыянальным характарам бразільцаў.
Гледачу прапануюць за 5 дзён пазнаёміцца з пяццю рознымі стужкамі – экранізацыяй раману Жоржы Амаду “Дона Флор і два яе мужа”, гістарычнай камедыяй “Стварэнне Бразіліі”, амаль шэкспіраўскай драмай “Кодэкс гонару”, камедыяй “Бог – бразілец” і рамантычнай гісторыяй з Рыа-дэ-Жанэйра “Босса-нова”.
“Дона Флор” – рэдкі выпадак добрай экранізацыі раману. Фільм сапраўды значны, якасны і цікавы – дзеліцца з Еўрарадыё ўласнымі ўражаннямі Ганна Казловіч з аддзелу культуры Амбасады Бразіліі. – Хаця, напэўна, для сучаснага гледача ён крыху павольны, бо зараз жыццё больш хуткае, а фільм усё ж 1976 году”.
Таксама Ганна вылучыла даволі цяжкую драму “Кодэкс гонару”, “якая прымушае задумацца” і гісторыю пра каханне “Босса-нова”, якая "адлюстроўвае жыццё карыокаў – жыхароў Рыа-дэ-Жанэйра”.
Усе фільмы, прадстаўленыя на кінафестывалі, не маладзейшыя за 2003 год, і самых скандальных, прагрымеўшых на ўвесь свет – “Элітны атрад”, “Горад Бога” ці “Карандзіру” – там не будзе.
“Гэтыя стужкі – вельмі спецыфічнай тэматыкі і жанру, – тлумачыць Ганна Казловіч – Яны раскрываюць вострасацыяльныя тэмы і паказваюць гарадское насілле, і іх, на мой погляд, можна ўключыць у асобны фестываль. А ў нас толькі 5 дзён, і таму мы выбралі стужкі больш пазітыўныя і больш “бразільскія”. Калі вы іх паглядзіце у вас складзецца адчуванне Бразіліі і вы пазнаёміцеся лепш з яе жыхарамі”.
Фестываль пачынаецца 1 кастрычніка. Паказы бясплатныя.
ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ БРАЗІЛЬСКАГА КІНО
к-р "Перамога", вул. Інтэрнацыянальная, 20, Мінск.
Пачатак у 19:00.
1 кастрычніка
Дона Флор і два яе мужа
1976 г.
Рэжысёр: Бруну Барэту
Жанр: камедыя
Дона Флор, выкладчыца курсаў кулінарыі ў Сальвадоры, замужам за гулякам Вадзінью, які прагульвае жыццё ў казіно і на вечарынках. У канчатковым выніку разгульнае жыццё прыводзіць яго да заўчаснага скону, а дона Флор застаецца ўдавой. Зняўшы жалобную сукенку, дона Флор ізноў выходзіць замуж за "ўзорнага мужа" Тэадору, сур'ёзнага і педантычнага аптэкара – поўную супрацьлегласць былога мужа. Аднак Вадзінью працягвае наведваць сваю жонку ў выглядзе духа, ставячы яе ў адначасова нязручнае і пікантнае становішча.
2 кастрычніка
Стварэнне Бразіліі
2001 г.
Рэжысёры: Гел Араеш і Жоржы Фуртаду
Жанр: камедыя
Дзеянне фільма разгортваецца ў эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Маладога партугальскага картографа Дзіёгу Алварэша вінавацяць у крадзяжы каштоўнай мапы і высылаюць на карабель, які накіроўваецца ў Новы Свет. Пасля караблекрушэння выжыламу картографу цудам удаецца дабрацца да бразільскага ўзбярэжжа, дзе ён сустракае прывабную індыянку Парагуасу. Дзякуючы шчаслівай выпадковасці, мясцовыя індзейцы замест таго, каб з'есці Дзіёгу, аб'яўляюць яго сваім правадыром - Карамуру. Так пачынаецца займальная гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях з жыцця Карамуру.
3 кастрычніка
Кодэкс гонару
2001 г.
Рэжысёр: Валтэр Салес
Жанр: драма
Красавік 1910 гады – у пустэльным бразільскім стэпе раздзімаецца кашуля, заплямленая крывёй. Тонью, сярэдні сын сям'і Брэвіс, абавязаны адпомсціць за смерць свайго старэйшага брата, загінулага з-за крэўнай барацьбы паміж сем'ямі за ўладанне зямлёй. Калі Тонью выканае гэту місію, адзін з чальцоў варожай сям'і будзе пераследваць яго датуль, пакуль не заб'е. Засмучаны перспектывай хуткай смерці і падбухторваемы малодшым братам Паку, Тонью пачынае ставіць пад сумнеў логіку гвалту і традыцый.
4 кастрычніка
Бог - бразілец
2003 г.
Рэжысёр: Карлас Дыегес
Жанр: камедыя
Стаміўшыся ад бясконцых памылак, створаных чалавецтвам, Бог (Антоніу Фагундас) вырашае ўзяць адпачынак і адпачыць ад людзей на якой-небудзь аддаленай зорцы. Для гэтага яму неабходна знайсці сабе намесніка на час ад'езду. І тады Бог вырашае шукаць яго ў Бразіліі. У пошуках Бога дапамагае Таока, кемлівы рыбак, які бачыць у сустрэчы з Богам магчымасць вырашыць свае асабістыя праблемы. Разам яны падарожнічаюць па Бразіліі ў пошуках ідэальнай замены.
5 кастрычніка
Боcса-нова
2000 г.
Рэжысёр: Бруну Барэту
Жанр: камедыя
Рыа-дэ-Жанэйра з яго ўзрушаючымі пейзажамі і зачаравальнай музыкай Тома Жабіма з'яўляецца месцам сустрэчы дзевяці герояў, скрыжаваннем іх лёсаў і жарсцяў. У цэнтры гісторыі чароўная выкладчык ангельскай мовы Мэры Эн і адвакат Педра Паўлу, які нядаўна развёўся са сваёй жонкай. Прайшоўшы праз кругазварот культурных і моўных кур'ёзаў, героі знаходзяць сваё каханне, якое кіруе гэтым горадам пад рытмы боcса-новы.