ФІФА: Чэмпіянат СНД па футболе немагчымы

Пра гэта 20 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Санкт-Пецярбургу заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола Ёзэф Блатэр.

Паводле яго словаў, ФІФА — гэта арганізацыя са структурай піраміды, у якой важную ролю адыгрываць клубы. Клубы павінны арганізоўваць клубныя спаборніцтвы, але ўнутры нацыянальных федэрацый, гэта палітыка ФІФА і ўсёй сусветнай футбольнай сям’і.

“Мы ніколі не будзем пераглядаць межы нацыянальных ліг. Стварэнне лігі СНД немагчымае, гэта ідзе насуперак прынцыпам ФІФА, а такога не будзе”, — цытуе Блатэра РИА Новости.

Прэзідэнт ФІФА адзначыў, што магчымасць арганізоўваць клубныя турніры па-за нацыянальнымі федэрацыямі маюць толькі канфедэрацыі — сябры ФІФА.

“У ФІФА ёсць канфедэрацыі, напрыклад, Акіянія, ці КОМНЕБОЛ (Паўночная Амерыка), УЕФА. Калі канфедэрацыі былі створаны, ФІФА аддала магчымасць канфедэрацыям арганізоўваць турніры на сваіх тэрыторыях. Найстарэйшы турнір — Кубак Лібертадорэс, у Еўропе — Ліга чэмпіёнаў, Ліга Еўропы, ёсць афрыканская і азіяцкая лігі чэмпіёнаў”, — растлумачыў Блатэр.

26 снежня мінулага года было абвешчана пра стварэнне аўтаномнай некамерцыйнай арганізацыі “Аргкамітэт Аб’яднанага чэмпіянату па футболе”. У назіральную раду ўвайшлі прэзідэнты шэрагу буйных расійскіх футбольных клубаў.  Заяўлялі пра тое, што наймацнейшыя футбольныя клубы Украіны, Беларусі, Арменіі і Казахстана зацікаўленыя ў арганізацыі аб’яднанага чэмпіянату СНД.

Беларуская федэрацыя футбола на гэтую ініцыятыву не адрэагавала. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, чыноўнікі БФФ былі не ў захапленні ад ідэі аб’яднанага турніру, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі