Філарэт адмовіў Таццяне Севярынец у сустрэчы
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт звязаўся з маці палітзняволенага Паўла Севярынца праз сакратара.
Таццяна Севярынец ужо больш за месяц спрабуе дамагчыся, каб яе сына ў следчым ізалятары КДБ наведаў святар. Пра гэта яна збіралася прасіць і на сустрэчы з Патрыяршым экзархам Беларусі. Аднак Філарэт праз свайго сакратара параіў Таццяне звярнуцца з гэтым пытаннем у іншае месца.
"Са слоў айца Мікалая, сакратара Філарэта, уладыка сказаў, што са мной ён сустракацца не будзе, але каб я сустрэлася з епіскапам Веніямінам, які служыць у манастыры", — распавяла Таццяна Радыё "Рацыя". Яна ўжо патэлефанавала ў канцылярыю манастыра і папрасіла аб сустрэчы з епіскапам Веніямінам.