ФК “Мінск” згуляе ў сталіцы, нягледзячы на жалобу
15 красавіка сталічны клуб прыме на полі стадыёна “Тарпеда” жодзінскую каманду “Тарпеда-БелАЗ”.
Нягледзячы на жалобу, матч 4 тура чэмпіяната Беларусі па футболе ФК “Мінск” — “Тарпеда-БелАЗ” згуляюць 15 красавіка ў сталіцы. Ні перанова гульні на іншы дзень, ні замены стадыёна не плануецца, распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар сталічнага клуба Аляксандр Томін:
“Матч адбудзецца на нашым стадыёне “Тарпеда”. Дыктар зачытае адмысловы тэкст, і матч пачнецца з хвіліны маўчання. Што тычыцца пераносу матча, то гэта не ў кампетэнцыі клуба. Такія пытанні вырашае федэрацыя”.
У Беларускай федэрацыі футбола Еўрарадыё пацвердзілі: гульня сапраўды адбудзецца ў Мінску. Праўда, назваць яе цалкам хатняй для ФК “Мінск” усё ж складана. Сталічныя футбалісты прымуць тарпедаўцаў з Жодзіна на стадыёне “Тарпеда”, бо стадыён “Дынама” часова зачынены і не прымае гульні нацыянальнага першынства.