Фонд ЕўрАзЭС: Крэдыт гэты вельмі рызыкоўны

Калі прэм’ер Мясніковіч упершыню назваў антыкрызісны план “матрыцай”, Еўрарадыё зацікавілася – гэта толькі ў нас ён асацыюецца з Нэо ды Трыніці, або гэта агульнапрынятая назва дакумента?

Высветлілася, што, сапраўды, антыкрызісны план Беларусі ў ЕўрАзЭС называюць матрыцай.

“Яна так і называецца – “матрыца”. Матэр’ялаў тут вялізная колькасць. Прэм’ер-міністр Рэспублікі і старшыня праўлення Банка падпісалі “ліст аб намерах”. Там пералічваецца, што яны будуць рабіць з бюджэтам, тое, што будуць падвышаць акцызныя стаўкі… і г.д”, - паведаміла Еўрарадыё намеснік сакратара Савета Антыкрызіснага фонда ЕўрАзЭС Тацяна Лебедзева.

Як даведалася Еўрарадыё, ў матрыцы прапісана нават тое, як будуць расці тарыфы на грамадскі транспарт. Цяпер будучы кошт жэтончыка на метро ведаюць у ЕўрАзЭС, але чамусьці не ведаюць у самой Беларусі.

Прапісваюць асноўныя прапорцыі бюджэту ў 2011 годзе, пішуць, якім будзе імпарт і экспарт. Будуць падымацца стаўкі на калійную соль, на акцызы… Як будуць расці тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту… Даюць базавыя параметры бюджэту, якія выдаткі будуць скарачаць для таго, каб вяртаць крэдыт”.

Як даведалася Еўрарадыё, у матрыцы ёсць пункт пра прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў. Але пераліку, якія менавіта гэта павінны быць прадпрыемствы ў дакуменце няма.

ЕўрАзЭС: “Ператварэнне ўнітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Ідуць агульныя лічбы на гэты год. Прыватызацыя – у тым ліку, але падрабязнага пераліку няма”.

Чаму пра змест матрыцы ведаюць усе акрамя беларусаў? У ЕўрАзЭСе патлумачылі, што гэты дакумент надзвычай сакрэтны. Пры яго абмеркаванні, міністр фінансаў Расіі Кудрын нават выходзіў з іншымі міністрамі ў асобны пакой.

ЕўрАзЭС: “Магчыма, штосьці нават будзе шкодна ведаць для шырокай публікі… У нас нават на паседжанні, калі мы ўсе гэта абмяркоўвалі, Кудрын асобна пайшоў з міністрамі, і толькі з міністрамі абмяркоўваў шэраг лічбаў па Беларусі, якія ў яго былі… Таму што яны закрытыя. Я напрыклад іх увогуле не ведаю”.

Па словах сакратара Антыкрызіснага фонду, у ЕўрАзЭС крэдыт для Беларусі лічаць “рызыкоўным”. Таму адно заключэнне Еўразійскага Банка развіцця займае ажно 44 старонкі. А за базу мартыцы быў узяты антыкрызісны план беларускага ўраду:

“У нас ёсць вялізнае заключэнне на 44 старонкі. Там пераапрацаваныя ўсе матэрыялы. Усе планы, усё, што прынятае ў Рэспубліцы, усе даўгі, усе крэдыты, золатавалютны стан… Усе эканамічныя параметры. Усё там праверана, і пралічана. Таму што крэдыт гэты – рызыкоўны. Над ім працавалі вельмі шмат”.

Цяпер ЕўрАзЭС будзе вельмі пільна сачыць за тым, каб Беларусь выконвала меры, прапісаныя ў матрыцы:

“Нават калі прыватная асоба бярэ крэдыт, там глядзяць твой заробак… Ты скажаш – я не буду ні есці, ні піць… І праз тры гады аддам вам свой заробак. Ніхто на гэта не пойдзе. Так жа і з гэтым крэдытам.

Таджыкі таксама ў нас атрымоўвалі крэдыт. Яны распрацоўвалі праграму, пісалі на што ідуць грошы… І ўвесь час ідзе праверка – наколькі адпавядае іх рэальнае выкананне бюджэту таму, што было прынята ў праграме. У праграме, умоўна кажучы, прадугледжваецца, колькі ідзе на ахову здароўя, на адукацыю… Як расходуецца бюджэт”.

Еўрарадыё ўсё ж такі паспрабуе знайсці матрыцу. І даведацца пра тое, колькі будзе каштаваць праезд у грамадскім транспарце ды іншыя сакрэты...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі