Галадоўшчыца Святлана Чорная сустрэлася з прадстаўніком БПЦ
Мінчанка галадае ўжо 50 дзён на знак пратэсту супраць смяротнага прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.
Як інфармуе БелаПАН, жанчына прасіла пра асабістую сустрэчу з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Але 20 студзеня па блаславенні Філарэта яе прыняў архімандрыт ігумен Антоній. Чорная папрасіла, каб кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы публічна выказаў сваё меркаванне наконт смяротнага прысуду людзям, абвінавачаным у выбуху ў мінскім мятро.
У адказ прадстаўнік праваслаўнай царквы паведаміў, што мітрапаліт Філарэт мае права звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з заступніцтвам і неаднаразова гэта рабіў. Але такія рэчы не прынята абвяшчаць у СМІ, адзначыў ігумен Антоній. Таксама ён заклікаў Святлану Чорную спыніць галадоўку.
Тым не менш мінчанка збіраецца працягваць галадоўку і спадзяецца, што абвінавачаныя ў тэракце будуць памілаваныя.
Фота: coe.by