Галандскі міністр: ЕС гатовы ўзмацніць і пашырыць санкцыі супраць Беларусі

Міністры замежных спраў 27 краін Еўрасаюза з'ехаліся 10 кастрычніка ў Люксембург. Яны плануюць абмеркаваць надзённыя пытанні замежнай палітыкі. У парадку дня ёсць і Беларусь.

Напярэдадні зачыненага пасяджэння, яны адказалі на пытанні журналістаў.

Старшыня дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан яшчэ раз нагадала пра асноўнае патрабаванне да беларускіх уладаў.

Кэтрын Эштан: “Я застаюся занепакоеная лёсам зняволеных, мы чакаем іх вызвалення і рэабілітацыі. Я таксама маю намер кантактаваць з народам Беларусі”.

Адказваючы на пытанне, ці не будуць міністры абмяркоўваць новыя эканамічныя санкцыі, літоўскі міністр Аўдроніс Ажубаліс паведаміў:

“Калі такая прапанова будзе, то чаму не? Але, наколькі ведаю, сёння на парадку дня – пашырэнне “чорнага спісу”. І не толькі па тых, хто адказны за рэпрэсіі 19 снежня, але ў больш шырокім сэнсе, супраць чыноўнікаў, адказных за ціск на дэмакратычных актывістаў і палітычных ды грамадскіх лідараў”.

Галандскі замежны міністр Уры Розэнталь таксама адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка мусіць вызваліць палітычных зняволеных. І дадаў:

“Калі ён не разумее мяккі падыход, то зразумее жорсткі. А гэта значыць узмацненне і пашырэнне санкцый”.

Апрача пытання Беларусі, у парадку дня еўрапейскіх міністраў – сітуацыя ва Украіне і мэтазгоднасць заключэння з ёй Дамовы аб асацыяцыі, спосабы ўзмацніць ціск на Іран і Сірыю, а таксама адказ на крывавыя падзеі мінулых сутак у Каіры.

Чакаецца, што Савет міністраў ЕС працягне дзейныя ўязныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі (зараз у “чорным спісе” 192 прозвішчы) і дадасць у “чорны спіс” новыя імёны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі