Гандбалісты мінскага "Дынама" прайгралі "Барселоне" (відэа)
Заключны матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў скончыўся з лікам 28:30 на карысць іспанскай каманды.
Сустрэча прайшла 21 лютага ў мінскім Палацы спорту пры аншлагу. Прысутнічалі 4100 гледачоў, адзначае БелаПАН.
Становішча камандаў у групе D: "Барселона" (Іспанія) — 18 ачкоў (10 гульняў; розніца мячоў 321-252), "Фюксе" (Нямеччына) — 14 (9; 261-255), "Дынама" — 11 (10; 276-259), "Пік" — 6 (9; 236-264), "Шафхаўзен" (Швейцарыя) — 4 (9; 254-292), "Заграб" — 3 (9; 228-254).
У групе засталося правесці дзве гульні: "Заграб" — "Шафхаўзен" (23 лютага) і "Фюксе" — "Пік" (24 лютага). Незалежна ад іх выніку "Дынама" застанецца на трэцім месцы. 26 лютага адбудзецца лёсаванне 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Беларускі клуб сустрэнецца з адной з камандаў, якія занялі другія месцы ў групах А, В ці С. Кола патэнцыйных сапернікаў вызначыцца 24 лютага.
Фота — pressball.by