"ГейБеларусь": Масавага шэсця, безумоўна, не чакайце
Гей-парад пройдзе заўтра ў Мінску, нягледзячы на забарону. Але пакуль арганізатары не паведамляюць ні пра час, ні пра месца правядзення акцыі.
“Заўтра мы выходзім на шэсце дзеля шэсця, — распавёў падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік праваабарончага праекта "ГейБеларусь" Сяргей Андросенка. — Гаворкі аб аднаполых шлюбах цяпер не ідзе ўвогуле. Гэта можа гучаць сумна, але беларуская рэчаіснасць паказвае, што мець магчымасць карыстацца сваім правам на мірны сход — гэта ўжо перамога”.
Час і месца правядзення акцыі арганізатары ў мэтах бяспекі пакуль не паведамляюць. Але інтрыгуюць і кажуць, што будзе сюрпрыз!
Сяргей Андросенка: “Шэсце запланаванае ў 2 акты. Калі сарвецца першы акт, будзе другі. Сёлета, улічваючы памылкі мінулага года, мы падрыхтавалі новую акцыю ў падтрымку талерантнага стаўлення да ЛГБТ-асобаў. І для ЛГБТ-супольнасці, і для ўдзельнікаў шэсця, і для гарадской адміністрацыі, і для журналістаў мы падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў”.
Сяргей Андросенка падкрэсліў, што заўтрашняе шэсце не мае на мэце змяніць палітычны лад у краіне або знішчыць гамафобію ўшчэнт. “Мы выходзім правесці публічную мірную акцыю ў падтрымку талерантнага стаўлення да ЛГБТ-людзей і захавання ўжо існуючых правоў”, — кажа арганізатар парада.
Нагадаем, што сёмы Мінскі гей-прайд праходзіць у сталіцы ўжо больш за тыдзень. У мерапрыемствах прайда на сёння ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек.
“Я лічу, што для Мінска, вельмі сумнага, сціплага, абсалютна пасіўнага горада — гэта вельмі значная колькасць людзей”, — кажа Андросенка.
На фота: Госць канферэнцыі, кіраўнік міжнароднай культурнай сеткі гееў і лесбіянак Біл Шылер (Швецыя).