Гістарычны цэнтр Брэста — пад пагрозай

Чыноўнікі хціва пазіраюць на тэрыторыю гістарычнага цэнтра Брэста. Была заключаная дамова паміж Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам і прыватным прадпрыемствам Development. 17 лютага адбылося паседжанне, на якім прадпрыемства прадставіла праект шасціпавярховіка, які б мог з’явіцца на месцы звыклай для вока гараджанаў двух-трохпавярховай забудовы канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя. Апроч гэтага, плануецца перабудова і рэканструкцыя шэрагу іншых будынкаў у гістарычным цэнтры.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч кажа, што такія спробы абсалютна бяспраўныя, бо ўвесь гістарычны цэнтр: каля двухсот будынкаў, планіроўка вуліц, культурны пласт — знаходзіцца пад сціслай абаронай дзяржавы. 

Антон Астаповіч: “Пад аховай дзяржавы — сам гістарычны цэнтр Брэста. Там, дзе элементы аховы — гэта гістарычныя планіровачныя структуры, аб’ёмна-планіровачная структура, будынкі і збудаванні, ландшафт і культурны пласт. Нават калі б не было пераліку будынкаў, у гістарычным цэнтры — усё пад аховай дзяржавы”.

Але, паводле словаў Антона Астаповіча, існуе вялікая небяспека, што Міністэрства культуры можа проста выканаць волю інвестара або выканаўчай улады Брэста. 

Антон Астаповіч: “Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што адбываецца, — гэта незаконна!”

Актывісты спрабуюць стрымаць чарговае руйнаванне аблічча горада. Але нават інфармацыя пра ўмовы інвестыцыйнай дамовы закрытая для незадаволеных жыхароў горада, — кажа мясцовы актывіст Руху “За свабоду” Дзяніс Турчаняк:

Дзяніс Турчаняк: “Мы звярнуліся ў суд, бо інфармацыя пра ўмовы інвестыцыйнай дамовы была закрытая. Быў ужо шэраг зваротаў да органаў выканаўчай улады, у якіх мы прасілі паведаміць, якую выгаду ад праекту атрымае бюджэт горада. На гэты запыт быў дадзены адказ, што дамова не прадугледжвае атрыманне грашовых сродкаў. Тады мы перафармулявалі пытанне і спыталі, якую іншую матэрыяльную выгаду атрымае горад ад праекту. Гэтай інфармацыі нам не далі, патлумачыўшы, што тая канфідэнцыйная".

Але, паводле словаў Дзяніса Турчаняка, суд не выдаў ніякага рашэння, патлумачыўшы гэта парушэннем дасудовай працэдуры з боку актывіста. Але сам аблвыканкам скіраваў Турчаняка ў суд у выніку нязгоды. Гэта — свядомая дэзінфармацыя, — кажа спадар Турчаняк.

Дзяніс Турчаняк: “Аблвыканкам адназначна сказаў, што ў выпадку нязгоды мы можам звяртацца ў суд, не ўказаўшы ніякіх органаў. Калі прыняць, што я няправільна скарыстаўся судовым парадкам, то можна казаць, што аблвыканкам мяне наўмысна дэзінфармаваў”.

У сувязі з перабудоваю плануецца адсяліць жыхароў гістарычнага цэнтра. Як падае газета “Наша Ніва”, жыхары атрымліваюць адказы ў гарвыканкаме, што грошы на іх адсяленне ўжо шукаюцца. 

Нагадаем, што гэта ўжо другая ў гісторыі горада спроба знішчыць яго гістарычны цэнтр. Першая была ўдалая для царскіх уладаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі. На месцы першага гістарычнага цэнтра была тады збудаваная Брэсцкая крэпасць. Што ж чакае другі гістарычны цэнтр? Ці цяперашнія ўлады будуць настолькі ж абыякавыя да мясцовай гістарычнай спадчыны, як і папярэднікі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі