“Гомель” перамог мінскае “Дынама”, “Белшына” падзяліла ачкі з “Брэстам”
19 чэрвеня прайшлі адкладзеныя матчы 12-га тура чэмпіяната Беларусі па футболе.
Пры канцы траўня гэтыя гульні не адбыліся праз ад’езд шмат каго з гульцоў клубаў на "Тулонскі турнір" у складзе Алімпійскай зборнай Беларусі.
"Дынама" у выніку перамогі мела шанец пасунуць "Гомель" з другога радка ў турнірнай табліцы чэмпіяната. Але не атрымалася: на 39-й хвіліне з падачы Алексіевіча лік у матчы ўдарам з лініі варатарскай пляцоўкі адкрыў Новак. Як выявілася, польскі паўабаронца "Гомеля" тым самым усталяваў канчатковы вынік сустрэчы: адказаць на яго гол дынамаўцы не змаглі.
"Белшына" і ФК "Брэст" перад матчам былі суседзямі па турнірнай табліцы. Свае 8-е і 9-е месца адпаведна яны займаюць дагэтуль. На хуткі гол Скавыша на 6-й хвіліне палешукі адказалі дакладным ударам галавой, які на 25-й хвіліне выканаў Бурко.
Лідарства ў чэмпіянаце захоўвае барысаўскі БАТЭ з 33 ачкамі. На другім месцы ФК "Гомель" ― 27 ачкоў. На тры ачкі адстае салігорскі "Шахцёр".
Фота: сайт заўзятараў ФК "Гомель".