Грамадскі камітэт па адукацыі: Беларусь не гатовая да Балонскага працэсу
Грамадскі камітэт па рэфармаванні адукацыі накіраваў у Балонскі камітэт справаздачу пра стан навучання ў Беларусі.
У ёй робяцца высновы пра тое, што наша краіна не гатовая да ўваходжання ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. На думку старшыні камітэта і былога прарэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзіміра Дунаева, далучэнне да Балонскага працэсу можа стаць толькі імітацыяй. Улады Беларусі мусяць лібералізаваць працэс навучання, арганізаваць ва ўніверсітэтах самакіраванне, а таксама катэгарычна адмовіцца ад палітычных рэпрэсій супраць студэнтаў-іншадумцаў, перадае Радыё Рацыя.
На думку сяброў альтэрнатыўнага аргкамітэта, у вышэйшых навучальных установах не павінна існаваць дыскрымінацыі палітычных арганізацый, у той час калі праўрадавыя аб'яднанні працягваюць бесперашкодна дзейнічаць, выкарыстоўваючы ўніверсітэцкі адміністрацыйны рэсурс.
Нядаўна Беларусь падала ў Балонскі камітэт заяўку на далучэнне да Еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Яе павінны разгледзіць увесну 2012 года.