Грошы на "Дажынкі" возьмуць у крэдыт?
На свята ўраджаю патрацяць 1 трыльён, а ў бюджэце на гэта ёсць толькі 169 мільярдаў.
Ураджай яшчэ не пасеялі, а губернатар Гомельскай вобласці ўжо агучыў, што на "Дажынкі" ў Жлобіне патрацяць трыльён рублёў. Гэта адна трынаццатая бюджэта вобласці на гэты год.
Адкуль возьмецца яшчэ 831 мільярд? У абласным бюджэце грошай на свята зусім не прадугледжана. Затое на развіццё сельскай гаспадаркі выдаткоўваецца менавіта 875 мільярдаў. Можа гэта акурат тыя самыя грошы?
На "Дажынкі" ў Горках патрацілі 933 мільярды рублёў, а бюджэт быў яшчэ меншы, чым летась — толькі 81 мільярд. Што ж будавалі і за чый кошт? Цікавімся ў райвыканкаме.
"Рэканструкцыя чыгуначнага вакзала і аўтавакзала ішла за кошт міністэрства. Лядовы палац — гэта бюджэтны праект. Найбольш запатрабаваны быў Лядовы палац. Мы нават не чакалі, што ён будзе ў такой ступені задзейнічаны. На сённяшні дзень да паловы на 12-ю ночы раскуплены білеты. І кожны дзень працуе ў такой нагрузцы".
У Горках да свята ўраджаю зрабілі яшчэ прыбудову да школы, у якой раней не было актавай і спартыўнай залаў і сталоўкі. Цяпер ёсць! Новы стадыён, рыбакомплекс і навукова-практычная ферма для навучання студэнтаў.
Таямніцу паходжання грошай на фестываль раскрывае Дзяржкантроль. Амаль палова сумы — гэта …крэдыты і грошы розных арганізацый.
Напрыклад, на "Дажынкі-2011" у Маладзечне патрацілі 822 мільярды. З гэтай сумы 228 мільярдаў узялі ў крэдыт у банках!
Даследчыкі "Лятучага ўніверсітэту" выязджалі ў розныя гарады, дзе праходзілі "Дажынкі". Глядзелі самі і цікавіліся ў мясцовых жыхароў, што пазітыўнага дало свята для горада. Распавядае даследчык Зміцер Галіноўскі:
"Аформілі ўсё ў такі канцэпт, як "беларускае шчасце". Ён фармаваўся апошнія гады, калі праходзілі "Дажынкі", і выглядае наступным чынам: спартовы палац, амфітэатр, дзе праходзіць узнагароджанне, пасля 2006 года яшчэ з'явілася ўзбярэжная і пешаходныя зоны. Па гарадах было бачна, што вялікая колькасць сродкаў ішла на добраўпарадкаванне, інфраструктурныя пытанні, масты, дарогі, каналізацыі, школы, бальніцы".
Калі ў горадзе ёсць буйныя прадпрыемствы, то ім давядзецца таксама раскашэліцца.
"Дажынкі" вельмі добра спрацавалі там, дзе дагэтуль была падрыхтаваная глеба. Дзе былі нейкія праекты і ўлады разумелі, што трэба рабіць, — кажа Зміцер Галіноўскі. — А калі гэта рабілі за год падрыхтоўкі, то там атрымліваўся проста знешні глянец".