Гурт Yellow Brick Road рыхтуе “злы” альбом у пер’і і рыцарскіх даспехах

“Калі б альбом быў у выглядзе касцюма, то мне падаецца, што гэты касцюм выглядаў бы наступным чынам: рыцарскія крагі, даспехі, шлем і ўсё гэта ўпрыгожанае дзікім пер’ем нябачаных птушак і шкурамі нябачаных жывёл”, – інтрыгуе лідар каманды Ян Максімовіч.

У параўнанні з двума першымі альбомамі каманды, трэцяя пласцінка, абяцаюць Yellow Brick Road, будзе меньш аптымістычнай, але больш глыбокай і зусім з іншымі пачуццямі, якімі музыкі не маглі валодаць падчас напісання першых альбомаў.

“Мы выраслі! – смяецца Ян. – І стылізацыя нашай пласцінкі будзе цямнейшай. Але гэта нядрэнна! У канцы гэтай цемры усё ж ёсць святло і кожны яго ўбачыць”.

Што тычыцца музычнага складальніку новых песень, тут гурт падаўся ў пэўныя эксперыменты: на пласцінцы знойдзецца месца і для progressive-rock, і glam-rock, і future-punk – таму тэмаў для роздуму будзе шмат, абяцаюць музыкі.

У працы над пласцінкай бярэ ўдзел вядомы журналіст Зміцер Эпштэйн, які дапамагае камандзе з тэкстамі, гукарэжысёры з Ірландзіі і Эстоніі ды шэраг іншых профі, якія па колькасці маглі б стварыць не адну футбольную каманду.

Рэліз альбома адбудзецца ў сімвалічную для гурта дату – 24-га жніўня. Менавіта ў гэты дзень выйшлі і два першыя альбомы гурта ў 2009 і 2010 гадах. Але зазірнуць у будучую пласцінку можна будзе крыху раней  – на пачатку жніўня Yellow Brick Road  плануюць выпусціць сінгл і кліп на адну з новых песень.

Усе падрабязнасці пра будучы альбом, "канфлікт" з гуртом The Toobes, акустыку ў Графіці ды іншае неўзабаве ў вялікім інтэрв’ю на нашым сайце. Будзе горача!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі