Гутар вярнуўся ў Беларусь: “Пакуль усё не вырашыцца, нічога казаць не буду”

Аляксандр Гутар даў зразумець, што будзе захоўваць маўчанне, пакуль Беларуская федэрацыя футбола не разгледзіць магчымасць скасавання яго кантракту з камандай ў аднабаковым парадку.

“Пакуль ніякіх каментароў, увогуле ніякіх, ― цвёрда адказвае Аляксандр на тэлефанаванне Еўрарадыё. ― Пакуль усё не вырашыцца, нічога казаць не буду. Давайце, няхай усё скончыцца, і потым ужо будзем думаць, варта пра гэта размаўляць ці не варта.

― Вы на адпачынку ці ўжо ў Беларусі?

― Ужо прыляцеў дадому".

Нагадаем, што футбаліст даслаў у федэрацыю футбола ліст з просьбай скасаваць кантракт з БАТЭ. Прычына ― малая колькасць матчаў (менш за 10%), якія Гутар згуляў у асноўным складзе каманды ў сезоне 2012 года.

Аляксандру Гутару 23 гады, ён нарадзіўся ў Мінску, там жа пачынаў займацца футболам. У БАТЭ — з 2006 года, 5 гадоў гуляў за дубліруючы склад. У 2011 годзе стаў асноўным брамнікам БАТЭ, бронзавым прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. Па выніках мінулагодняга сезона быў прызнаны лепшым футбалістам краіны, лепшым брамнікам. Аднак у пачатку сезона 2012 года згубіў месца ў асноўным складзе каманды Віктара Ганчарэнкі, які больш давяраў дасведчанаму Андрэю Гарбунову (ён перайшоў у Барысаў з гродзенскага "Нёмана"). Летам 2012-га Гутар гуляў у складзе алімпійскай футбольнай зборнай Беларусі ў Лондане.

Брамнік Андрэй Гарбуноў (злева) выцясніў Гутара з асноўнага складу БАТЭ. Справа — паўабаронца Рэнан Брэсан, які ўжо сышоў з каманды. Фота — fcbate.by

Заўзятары БАТЭ віншуюць Аляксандра Гутара пасля перамогі ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў над камандай "Леўскі". жнівень 2008-га. Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі