Хто зарабляў на доўгай зіме і ўрагане?

130326_savich_zarobki_uragan.mp3

“У выхадныя працавалі, бо вельмі многа заказаў”, — на прыватным слуцкім дрэваапрацоўчым прадпрыемстве “Ямполь” зімой не паспявалі за заказамі. Кошты на прылады складалі ад 60 да 100 тысяч рублёў.

За гадзіну ў гаспадарчым аддзеле ГУМа у самыя снежная часы набывалі па 10 рыдлёвак.

У службе таксі 135 Еўрарадыё распавядаюць, што ў завіруху амаль не прымалі выклікі:

“У нас не было машын, усе таксісты ці паставілі машыны, ці проста працавалі хто як”.

Пра кошты такіх паездак на таксі Еўрарадыё расказваюць карыстальнікі твітара. Да прыкладу, карыстальнік пад нікам  yurikk_by распавядае, што за 1,5 кіламетра да метро таксіст прасіў 90 тысяч рублёў. А каб даехаць з Сенніцы да Бараўлянаў, — 400 тысяч рублёў.

На эвакуатары менш каштуе! Прыватны кіроўца эвакуатара Аляксей кажа, што кошты можна было ўзнімаць адразу на 100 тысяч рублёў.

“Можна было і на 100 тысяч паднімаць кошты, бо было вельмі складана. Па чатыры гадзіны стаялі ў заторах”.

Кошт эвакуацыі ў звычайных умовах — 300 тысяч за выезд, ці 350 за эвакуацыю джыпа.

Ва ўніверсаме “Цэнтральны” заўважаюць, што ў краме было вельмі многа наведвальнікаў падчас "Хавера".  Прыходзілі не толькі пагрэцца:

“Людзі, хто ў цэнтры працуе, да нас заходзілі па пакупкі, каб каля дома не ісці: куплялі малако, хлеб. Ажыятажу не было, але пакупнікоў было шмат”.

Дзякуючы чатырохмесячнай зіме мінчукі сталі на лыжы!

“Вельмі добра ішлі лыжы, санкі, канькі, сноўборды”, — распавядаюць Еўрарадыё ў інтэрнет-краме спорттавараў. У параўнанні з мінулым годам продаж вырас у некалькі разоў — прычым з большага мінчукі куплялі звычайныя лыжы, коштам ад 400 тысяч рублёў.

А вось у кавярнях і рэстаранах Мінска кажуць, што ў "Хавер" закрыліся куды раней, наведвальнікі адмянялі броні.

“На чатыры гадзіны раней закрыліся, пайшлі дамоў”, — кажуць у кавярні "Біблас".

Аддзелы дастаўкі піцэрый таксама цярпелі страты, хлопчыкі не маглі даставіць замовы ўчас.

Фота: onliner.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі