Інтрыга: ці згадаюць Беларусь у дэкларацыі Cаміта "Усходняга партнёрства"?

Пакуль невядома, ці адвядзе дэкларацыя саміта "Усходняга партнёрства" месца для закліку да беларускіх уладаў вызваліць палітычных зняволеных.

У даступнай чарнавой версіі дакумента спецпараграфа па Беларусі няма. Хаця ходзяць чуткі, што Еўрасаюзу ўдасца пераканаць партнёраў па праграме ў апошнюю хвіліну.

Паралельна з самім самітам, які пачнецца 29 верасня пад вечар, у Варшаве праходзіць Канферэнцыя няўрадавых арганізацый.

Яе беларускія ўдзельнікі падрыхтавалі спецыяльны зварот да прэзідэнта Еўрапейскага Савета Германа ван Рампея і польскага прэм'ера Дональда Туска, дзе падтрымліваюць жорсткую пазіцыю ЕС па вызваленні палітычных зняволеных.

У звароце беларускія актывісты заклікаюць урады Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы і Украіны падтрымаць падыход Еўрасаюза.

Тым часам “дэсант” беларускіх палітыкаў, сярод якіх — тры экс-кандыдаты (Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў), сёння праводзіць сустрэчы з еўрапейскімі дзеячамі.

Анатоль Лябедзька тлумачыць сутнасць размоваў: "Наша задача — данесці галоўны месэдж, што рабіць з Беларуссю. Першы крок — вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных, другі — свабодныя выбары паводле стандартаў АБСЕ, трэці — план эканамічнай падтрымкі Беларусі".

Анатоль Лябедзька і іншыя беларускія палітыкі хочуць, каб беларускае пытанне было сярод прыярытэтаў Еўрасаюза.

Сяргей Калякін: "Нашае чаканне, што Беларусь будзе ў першых радках еўрапейскага парадку дня".

Але эксперт польскага Інстытута ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі кажа, што ў Еўрасаюза хапае сваіх праблем.

Каміль Клысіньскі: "Часам узнікае ўражанне, што беларуская апазіцыя перабольшвае значэнне Беларусі для ЕС. Гэта не пытанне жыцця і смерці для Брусэля".

Тым больш, што Беларусь сама працягвае заганяць сябе ў ізаляцыю. І рашэнне аб прадстаўніцтве краіны не міністрам МЗС, а проста амбасадарам у Польшчы Гайсянком —гэтаму чарговы доказ, працягвае эксперт.

Каміль Клысіньскі: "Беларускія ўлады самі звужаюць свае кантакты з ЕС. Гэта была цудоўная магчымасць прыехаць кіраўніку МЗСа і кантактаваць на Саміце з любымі палітыкамі".

Зрэшты, беларускі палітолаг Андрэй Ягораў лічыць, што рашэнне панізіць узровень свайго прадстаўніцтва і не адпраўляць Сяргея Мартынава — крок, хутчэй, дэманстратыўны. Маўляў, Беларусі супрацоўніцтва з ЕС не так патрэбнае, і да яго ўмоваў можна паставіцца зняважліва.

Андрэй Ягораў: "Але гэта, хутчэй, дэманстрацыя, чым рэальнасць. Бо менавіта цяпер Беларусі вельмі важнае супрацоўніцтва з ЕС — у перыяд цяжкага эканамічнага становішча і ціску з боку Расіі".

Яшчэ адна інтрыга дня — ці ўдасца беларускім апазіцыйным палітыкам сустрэцца з адным з самых уплывовых еўрапейскіх палітыкаў, нямецкім канцлерам Ангелай Меркель.

ДАВЕДКА: Інаўгурацыя "Усходняга Партнёрства", заснаванага стараннямі Польшчы і Швецыі, адбылася 7 траўня 2009 года ў Празе. Еўрасаюз прапануе Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне падтрымаць рэформы, стварыць сферу вольнага гандля, лібералізаваць візавы рэжым аж да безвізавага руху. Узамен ЕС хоча бачыць ва ўсходніх суседзях дэмакратыю, вяршэнства права і абарону правоў чалавека.

Беларусь у плане ўзроўня супрацы з Еўрасаюзам па-ранейшаму адстае ад сваіх калег па "Усходнім Партнёрстве". Тым часам як пяць іншых краін Усходняга Партнёрства актыўна дамаўляюцца з ЕС пра заключэнне Дамовы аб асацыяцыі, наша краіна нават не заключыла нават Дамову аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

Напярэдадні Саміта беларускія ўлады прынялі рашэнне не адпраўляць міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Дэлегацыю Беларусі ўзначальвае амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак.



ФОТА: Сяргей Мартынаў і літоўскі кіраўнік МЗС Аўдроніс Ажубаліс на сустрэчы, прысвечанай Усходняму Партнёрству 13 снежня 2010 года. Photographic service of the Council of the EU

Глядзі таксама: Дзень нараджэння Ўсходняга Партнёрства: гадуецца, але павольна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі