Каб набыць 300 долараў, давядзецца чакаць тыдзень
Беларусы не спяшаюцца здаваць долары ў абменнікі нават пасля павышэння курса.
Карэспандэнт Еўрарадыё запытаўся ў банкаў, ці паменшылася колькасць жадаючых набыць долары пасля павышэння курса.
У абменніку “Сомбелбанка” на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і К.Маркса чаргі няма. Як і валюты ў касе: да абеду прынеслі толькі 25 долараў. Касір сказаў, што, каб набыць тысячу долараў, давядзецца чакаць два тыдні ці болей.
У абменніку “Абсалютбанка” у “Цэнтральным” у чарзе 10-15 чалавек. Людзі дамовіліся набываць толькі па 500 долараў. Мужчына з чаргі распавёў, што апошнія два дні амаль ніхто не нясе валюту. Калі тыдзень таму ў дзень прыносілі 5000 долараў, то цяпер за паўдня толькі 400 долараў.
А вось у “Белсвісбанку” кажуць, што з новым курсам людзі пачалі ахвотней здаваць валюту.
“Валюту прыносяць ужо болей. Прыносілі 350-400 еўра, але іх адразу скупляюць. Не буйныя сумы, але буйнымі купюрамі. Раней прыносілі па 5-10 долараў. Ужо пачалі прыносіць болей, курс 5750 рублёў за еўра ўжо зацікавіў людзей”.
Чарга каля абменніка “Белінвестбанка” у ГУМе складае 130 чалавек па спісе. Набываць можна па 300 долараў. За дзень набыць валюту атрымоўваецца ў сярэднім у дзесяці чалавек. Людзі кажуць, што калі заняць чаргу зараз, то давядзецца чакаць тыдзень. А заняць чаргу цяпер можна толькі ў адзін дзень – у панядзелак у тры ночы. Тыя, хто ў чарзе, мусяць адзначацца 2 разы на суткі: па закрыцці абменніка ў палову дзевятай і ў тры гадзіны ночы.
У яшчэ адным аддзяленні “Абсалютбанка” у абед была невялікая чарга з трох чалавек. Усе яны хочуць набыць долары па 4000 рублёў. Але ёсць і такія, хто не набывае валюту, а здае.
“Сёння здавала чалавек сем долары, тры чалавекі – еўра, і адзін – расійскія рублі”, - распавялі карэспандэнту Еўрарадыё ў “Абсалютбанку”.
Невялікія чэргі і ў аддзяленні “Белпрамбудбанку”.
“Ажыятажу, каб усе здавалі, няма. Можа не ўсе ведаюць пра змены курса. У ў прынцыпе ўсё, як і раней”.
Тое самае можна сказаць і пра аддзяленне “Белзнешэканамбанка”, у якое ўчора прынеслі валюту толькі некалькі чалавек. І тое сімвалічныя сумы.
“Болей звяртацца не сталі, нам проста не здаюць валюту. Учора пару чалавек прыносілі 5-10 долараў. Людзі чакаюць па некалькі гадзін і, нічога не дачакаўшыся, сыходзяць”.
Некаторыя адмаўляюцца ад сваёй чаргі па іншай прычыне. Так, адзначацца ў тры ночы ў абменнік ля ГУМа людзі вымушаны прыязджаць на таксі. Але пасля некалькіх такіх паездак, некаторыя бачаць, што набываць валюту па выгадным курсе не так ужо і выгадна.
А ўвогуле, людзі ля абменнікаў кажуць, што са зменай курса валют нічога не змянілася. Хіба што пагоршылася. Раней былі чэргі жадаючых набыць валюту, але і здавалі таксама. За апошнія два дні чэргі не змяніліся, а вось жадаючых прынесці ў абменнік долары ці еўра значна паменшала.
Фота: photo.bymedia.net