Каманда Еўрарадыё ўзяла “бронзу” на Streetball Challenge 2012
У матчы за 3-е месца нашыя журналісты перамаглі каманду АНТ.
Турнір па стрытболе сярод журналістаў адбыўся ў Мінску 14 чэрвеня. Акрамя каманды арганізатараў — кампаніі Velcom — на пляцоўку выйшлі зборныя Еўрарадыё, Onliner.by, АНТ, а таксама газет “Прессбол” ды “Беларусь Сегодня”.
Параза ад каманды Velcom каштавала Еўрарадыё першага месца ў групе і выхаду ў фінал. Але ў другім матчы — супраць каманды “Прессбола” — Еўрарадыё здолела вырваць перамогу: 10:9! Гульня праходзіла вельмі карэктна, але фол прэсболаўцаў на апошніх секундах і дакладны кідок са штрафнога вывеў нас наперад.
Матч за 3-е месца нашыя журналісты пачалі бадзёра, і ўжо да 5-й хвіліны выйгравалі з лікам 5:0. Але журналісты АНТ пачалі забіваць у адказ і здолелі пераламіць ход сустрэчы… Але выніковы лік сустрэчы — 9:7 на карысць Еўрарадыё!
Перамогу ж святкавалі журналісты “Беларусь Сегодня”, якія ў фінале “вынеслі” каманду Velcom з лікам 16:8.