Камароўскі: У Катыні свет нам заваліўся двойчы

 Выканаўца абавязкаў польскага прэзідэнта: у Катыні свет нам заваліўся двойчы

Кіраўнік польскага Сейма, выканаўца абавязкаў прэзідэнта Польшчы Браніслаў Камароўскі развітаўся на плошчы Пілсудскага з 96 ахвярамі авіякатастрофы пад Смаленскам.

"З сардэчным трымценнем мы чытаем кожнае з 96 імёнаў, углядаемся ў вашы здымкі. Загінулі абраны народам прэзідэнт, яго жонка і прэзідэнт краіны ў выгнанні. Цяжка знайсці больш выразны сімвал барацьбы за незалежнасць.

Нагадаю яшчэ адно імя-сімвал: Ганна Валентыновіч, якая стаяла ля пачатку руха салідарнасці. У гэтыя дні мы адчуваем адно і тое ж. Свет нам заваліўся двойчы на адным і тым жа месцы".


Маршалак Сейма выказаў спачуванне дачцэ Качыньскіх Марце, цяжка хворай маці прэзідэнта Ядвізе і брату Яраславу. 


З сумам нагадаў, што Войска Польскае страціла сваіх кіраўнікоў. І падзякаваў свету за спачуванне гору палякаў. "Дзякуючы вашай пакутніцкай смерці праўда Катыні стала праўдай усяго свету" — сказаў Браніслаў Камароўскі.

Кошты на гатэлі ў Кракаве ўзраслі ў 10 разоў
Развітацца з прэзідэнтам Качыньскім і яго жонкай у Кракаў едуць прадстаўнікі ўрадаў 98 дзяржаў. Акрамя іх, у горад з'ехаліся і простыя жыхары з усёй Польшчы.

У Кракаве даўно не засталося вольных месцаў у гатэлях, а кошты на нумары там-сям выраслі ў 10 разоў, паведамляе Газета.ру.

Напрыклад, у гатэлі Royal, што месціцца насупраць каралеўскага замка Вавель, у гэтыя выходныя нумар каштуе больш за 1 тысячу долараў пры звычайным кошце ў 170 долараў за адну ноч.

8 дзяржаваў адмянілі свой прылёт у Варшаву

8 дзяржаваў адмянілі свой прылёт на нядзельныя пахавальныя ўрачыстасці ў Кракаве ў сувязі з закрыццём паветранай прасторы ў Польшчы.

Не будзе прадстаўнікоў Македоніі, Індыі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Мексікі, Новай Зеландыі, Пакістану, Егіпту.

Барак Абама прыляціць у нядзелю на 3,5 гадзіны, без Першай Дамы.

Беларускую дэлегацыю ачольвае Барыс Батура, старшыня Савета Рэспублікі.

100 тысяч асобаў удзельнічае ў службе ў гонар загінуўшых

Па ацэнках паліцыі Варшавы, у жалобных урачыстасцях прымае ўдзел каля 100 тысяч чалавек. Людзі знаходзяцца не толькі на пляцы Пілсудскага, дзе адбываецца служба ў памяць загінуўшых пад Смаленскам, а таксама на суседніх вуліцах.



Палякі могуць назіраць за урачыстасцямі дзякуючы вялікім экранам – тэлебімам, якія знаходзяцца вакол Прэзідэнцкага палаца.



У сувязі з тым, што прадстаўнік Ватыкана не змог асабіста прыехаць у Варшаву, ён накіраваў ліст, які прадстаўнікі польскага Касцёла зачыталі на пляцы Пілсудскага. Папа рымскі таксама перадаў для сем’яў загінуўшых ружанцы з Ватыкана.
Праціўнікі пахавання прэзідэнта на Вавелі прыгразілі "інцыдэнтамі"


З Кракава наплываюць пагрозы праціўнікаў пахавання Качыньскіх на Вавелі. Як паведамляе партал gazeta.pl, улады горада атрымалі ананімныя папярэджанні, нібыта нейкі інцыдэнт адбудзецца падчас нядзельнай цырымоніі пахавання прэзідэнцкай пары.

Варшава развітваецца з ахвярамі авіякатастрофы пад Смаленскам


На плошчу прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек. У 8:56 прысутныя правялі дзве хвіліны маўчання ў гонар загінулых. Па ўсёй краіне гучалі сірэны.

У цэнтры плошчы стаіць вялікі алтар, каля якога будзе адслужаная жалобная імша спецыяльным пасланнікам з Ватыкану.


Людзі на плошчу Пілсудскага ўсё прыбываюць. Прысутнічаюць некалькі сотняў журналістаў з усяго свету. Жалобныя ўрачыстасці пачаліся а 13 гадзіне па мінскім часе.


Пахаванне прэзідэнцкай пары адбудзецца ў нядзелю ў Кракаве, жалобная імша пройдзе ў Марыяцкай Базіліцы, спадарства Качыньскія спачнуць у адмысловай крыпце у Вавэльскай катэдры, дзе ляжаць каралі, святыя і паэты.
Варшаўскія урачыстасці - гэта сапраўдны выклік для гарадскіх службаў:





Фота і відэа: Лена Сідоза

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі