Камбайнёр знішчыў канкурэнтаў у бітве за ўраджай
І трапіў за гэта на “хімію”.
Механізатар СПК “Граніт-Агра” Дзятлаўскага раёна вельмі хацеў перамагчы ў зернеўборачнай кампаніі 2012 года. Дзеля таго, каб стаць паважаным чалавекам і атрымаць прэмію, ён вырашыў спляжыць машыны іншых механізатараў, сваіх канкурэнтаў.
Зламыснік яшчэ ўвосень 2011 года цішком падсыпаў у гарлавіны маслаправодаў іх камбайнаў абразіўны пыл і стружку ад наждака. Канкурэнты сышлі з дыстанцыі, піша “Советская Белоруссия”.
Па факце псавання маёмасці распачалі крымінальную справу. Шкода перавысіла 180 мільёнаў рублёў. Спачатку падазраваны ва ўсім пакаяўся і нават падпісаў яўку з павіннай. Але пасля ад сваіх словаў адмовіўся. Зрэшты, яго віну пацвердзіла крыміналістычная экспертыза ды іншыя доказы.
Гора-камбайнёр атрымаў пяць гадоў абмежавання волі, бо да суду ён часткова кампенсаваў страты гаспадаркі, выплаціўшы 100 мільёнаў рублёў.