"Крамбамбуля" ўсё ж спадзяецца выступіць у клубе Re:Public (Абноўлена)

Увечары 11 студзеня стала вядома, што канцэрт гурта "Крамбамбуля", запланаваны на 11 лютага ў мінскім клубе Re:Public, не адбудзецца. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў клубе.

"Канцэрт "Крамбамбулі" не адменены, а перанесены, — удакладняе дырэктар клуба Re:Public Андрэй Старцаў. — Прычыны не звязаныя з "Крамбамбуляй". Гэта нашы ўнутраныя пытанні з арганізатарамі імпрэзы".

Але прадстаўнік арганізатараў канцэрта Уладзімір Шаблінскі называе незаконнай спробу клуба скасаваць дамову на арэнду залы для выступа "Крамбамбулі":

Уладзімір Шаблінскі: "Яны спасылаюцца на нейкія (даслоўна) "надзвычайныя абставіны ўнутранага характару". Гэта не форс-мажорныя абставіны. Нашая дамова з імі не прадугледжвае аднабаковага скасавання ўзаемаадносінаў, тым больш з боку выканаўцы. Абапіраючыся на Грамадзянскі кодэкс, мы лічым, што дамова дзейнічае".

120111 Krambam Shablinaki.mp3

Поўны каментар ад Уладзіміра Шаблінскага

У гледачоў, якія паспелі набыць квіткі на канцэрт "Крамбамбулі", ёсць два шляхі. Першы — пакінуць іх сабе да 11 лютага. У выпадку, калі з нейкіх прычынаў канцэрт усё ж не адбудзецца, арганізатар павінны вярнуць 100% кошту квітка. Другі шлях — не спадзявацца на правядзенне канцэрта і здаць квіткі зараз.

"Але ў такім выпадку гэта разглядаецца як ініцыятыва гледача. Адпаведна, мы маем права ўтрымаць да 25% ад кошта квітка. Я рэкамендую ўсім, хто набыў квіткі на канцэрт "Крамбамбулі", пакідаць іх пакуль што ў сябе. Але паўтаруся калі ў некага змяняюцца планы, ён мае права звярнуцца да нас хаця б заўтра", — дадае Уладзімір Шаблінскі.

Нагадаем, “Крамбамбуля” на чале з Лявонам Вольскім збіраецца прэзентаваць сваю апошнюю праграму “Drabadzi-drabada”. Арганізатары сцвярджаюць, што канцэрт "Крамбамбулі" ў клубе Re:Public  быў дазволены Мінгарвыканкамам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі