Карбалевіч: У пасланні Лукашэнка не адказаў на галоўныя пытанні
"Відаць, пытанні, адказы на якія цікавяць грамадства, і тое, якімі іх бачыць ўлада, не супадаюць", — лічыць палітолаг.
У пасланні да народа і парламента Аляксандр Лукашэнка не адказаў на галоўныя пытанні, якія ад яго чакала грамадства. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН палітолаг Валерый Карбалевіч.
Ён адзначыў, што сёлета Лукашэнка выступаў з пасланнем "у новых гістарычных умовах" — гэта разгром апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, канфлікт з Захадам, абвастрэнне валютнага крызісу, які перарастае ў эканамічны.
"Стабільнасць, якая працяглы час панавала ў Беларусі, стала знікаць. Напэўна, грамадства хацела б атрымаць адказы, як улады будуць выходзіць з гэтай сітуацыі. Але на галоўныя пытанні адказу не было. З паслання не зразумела, як улада збіраецца выходзіць з валютнага крызісу, як жыць ва ўмовах канфлікту з Захадам, як спыняць рост коштаў, як маюць намер перадухіліць раскол у грамадстве", — сказаў Карбалевіч.
"Відаць, пытанні, адказы на якія цікавяць грамадства, і тое, якімі іх бачыць ўлада, не супадаюць. А калі пытанні і супадаюць, то, напэўна, улады на іх не маюць адказу", — выказаў меркаванне палітолаг.