Казахскія эканамісты: У вас крызіс, а ў нас долар наадварот патаннеў!

З-за чаго ў Беларусі адбыўся крызіс? Адна з афіцыйных версій – у крызісе вінаватыя самі беларусы і “ажыятаж з аўтамабілямі” перад павышэннем пошлін.

“Зразумела, нас вельмі моцна падкасіў вось гэты ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі, там больш за мільярд. Былі нават прапановы ўвесці цяпер гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта сваіх жа людзей прыціскаць. Вытрымаем мы гэта, няхай людзі купяць сабе машыну, якую хочуць, памяняюць, калі трэба”, – казаў Лукашэнка яшчэ на пачатку красавіка.

Менавіта пакупка патрыманых нямецкіх аўтамабіляў, як сцвярджае Лукашэнка, абваліла валютны рынак. Маўляў, тыя, хто ганяў машыны з-за мяжы, вывезлі ўсю валюту з краіны.

У Казахстан таксама да ліпеня масава везлі аўтамабілі. Але глядзім уважліва… Інфляцыя з пачатку года ў Казахстане склала ўсяго 5,9%. Сярэдні заробак у чэрвені 2011 года – 600 долараў, у мінулым годзе ён быў 462 долары. Як бачым, ніякіх прыкметаў крызісу!

“Сапраўды, у нас насельніцтва таксама скупляла аўтамабілі, таму што чаканае павышэнне цэн нікога не радавала. Хтосьці купляў аўтамабіль для асабістага карыстання, хтосьці ў спадзяванні выгадна прадаць пасля таго, як Казахстан уступіць у Мытны саюз, і цэны ўзляцяць…”, – кажа дырэктар Цэнтра аналізу грамадскіх праблем Казахстана Меруерт Махмутава.

Але гэта ніяк не паўплывала на наяўнасць валюты ў Казахстане, магчыма з-за таго, што шмат валюты ідзе ў краіну ад экспарту нафты, – лічыць Махмутава. І гэтага дастаткова.

Махмутава: “У нас асабліва ніхто не кідаецца купляць долары. Але ў цэлым на дадзены момант недахопу долараў у Казахстане не адчуваецца”.

Казахі могуць спакойна купіць долары, і нават не трэба паказваць пры гэтым свой пашпарт!

Махмутава: “Калі ў асабліва буйных памерах, то валютныя аперацыі адсочваюцца Нацбанкам, а такія звычайныя абменныя аперацыі – купіў-прадаў 20 або 100 долараў. Пашпарт не патрабуюць, даказваць для чаго табе патрэбныя гэтыя грошы не трэба”.


Фінансавы кансультант кампаніі “Альпары-Еўразія” з Казахстана Марат Газізаў распавядае, што калі ў Беларусі адбылася дэвальвацыя, у Казахстане ў той самы час долар… падаў!

Марат Газізаў: “Шчыра кажучы – у нас наадварот долар у гэты момант падаў. І задача ўрада, у тым ліку Нацбанка была ўтрымаць долар. У нас наадварот ён таннеў! Прапановаў было вельмі шмат… І нават за вясну цана долара ўпала з 149 тэнге за долар да 146. Ніякіх абмежаванняў і ажыятажу пакупкі долару і еўра…”

Пры тым, што ніякіх абмежаванняў на продаж валюты няма, казахі самі не вельмі імкнуцца яе купляць, працягвае Марат Газізаў:

“Людзі ў нас аддаюць перавагу трымаць свае сродкі ў нацыянальнай валюце, прычым на дэпазітах у банку. Ніякага ажыятажу ў гэтым плане не было – ні зняцця грошай, ні пераводу сродкаў… У прынцыпе ў нас сітуацыя ў эканоміцы досыць стабільная”.

Казахі таксама лічаць, што ўплыў ад уступлення ў Мытны Саюз негатыўны.

Махмутава: “Для нас растуць кошты амаль на ўсё – на прадукты харчавання, на паліва. Павышэнне тарыфаў прывяло да таго, што даражэе імпарт з трэціх краін. Яго месца займаюць расійскія тавары і паслугі”.

Цэны на прадукты харчавання выраслі на 30-100%. Але нават нягледзячы на гэта, расіяне ўсё адно “пад чыстую выграбалі прадукты харчавання”… Ёсць і станоўчы момант – з-за больш выгадных умоваў прыйшоў расійскі бізнес, тлумачыць Марат Газізаў:

“Я лічу, што гэта станоўчы фактар – тое што да нас прыйшлі расійскія грошы. На стаўках НДС у нас істотная розніца з Расіяй, ім выгадней развіваць бізнес у нас, у Казахстане”.

Магчыма, усё ж такі не Мытны Саюз вінаваты ў крызісе?

“Беларуская эканоміка была вельмі моцна сацыяльна-арыентаваная, – мяркуе казахскі эканаміст Меруерт Махмутава. – Я думаю, што калі краіна доўгі час падтрымлівае ўзровень такіх выдаткаў, напэўна, прыйшоў час для беларускай эканомікі праводзіць лібералізацыю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі