Хакейны матч Аўстрыя — Беларусь можа прайсці пры пустых трыбунах
Матч Еўрапейскага хакейнага выкліку запланаваны на 6 красавіка — у Вялікую пятніцу для каталікоў і пратэстантаў.
Паводле законаў правінцыі Карынція, у якой і адбудзецца паядынак, у дзень распяцця Хрыста забароненыя відовішчы, у тым ліку і спартовыя спаборніцтвы. Таму карынційскія ўлады рашуча настойвалі на адмене сустрэчы. У сваю чаргу, аўстрыйская федэрацыя хакею заклікала ўладныя і рэлігійныя колы зразумець сітуацыю, бо перанесці матч у іншае месца было немагчыма.
У выніку было вырашана, што сустрэча адбудзецца, але пры пустых трыбунах. Прыхільнікі хакею змогуць паглядзець яго па тэлевізары ў жывым эфіры.
Пра другую гульню, якая павінна адбыцца 7 красавіка, пакуль нічога не паведамляецца, адзначае БелаПАН.
Фота — БЕЛТА