Хілары Клінтан сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці
Яна паабяцала, што ЗША разам з еўрапейскімі партнёрамі працягне візавыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Сустрэча адбылася ў Вільні, падчас 18-й сесіі Савета міністраў АБСЕ.
Як паведамляе БелаПАН, у сустрэчы ўдзельнічалі рэдактарка сайта "Хартыя'97" Наталля Радзіна, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Таццяна Рэвяка і Алег Гулак, кіраўнік працоўнай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека ў Вільні Ганна Герасімава.
Клінтан адзначыла, што ЗША заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення беларускіх палітвязняў. Па яе словах, гэта больш за 50 чалавек, якія знаходзяцца ў турме або так ці інакш абмежаваны ў сваёй свабодзе.