Хто вызначае правілы гульні Лукашэнкі з Еўрасаюзам?

Па словах арганізатараў, - інфармацыйнага Офіса салідарнасці з Беларуссю, - яе мэта – нагадаць Еўропе пра найбольш актуальныя праблемы беларускай грамадзянскай супольнасці. Перш за ўсё, пра складаную сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне.

Пра тыя негатыўныя тэндэнцыі, якія сёння назіраюцца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, распавяла дырэктарка Дома па правах чалавека (Вільня) Ганна Герасімава.

Ганна Герасімава: "Увосень 2011 года ў беларускае заканадаўства ўнеслі папраўкі. Як раз гэта азначае адзін з трэндаў у галіне правоў чалавека: легалізацыя парушэння правоў чалавека з боку дзяржавы. Змены былі ўнесеныя ў адміністрацыйны і крымінальны кодэкс, у закон аб масавых мерапрыемствах, палітычных партыях, грамадскіх аб'яднаннях. Цяпер забароненыя не толькі дзеянні, але і бяздзеянні”.

Другая тэндэнцыя, паводле Ганны Герасімавай, - скарачэнне прысутнасці ў Беларусі міжнародных арганізацый, а таксама нежаданне ўладаў Беларусі супрацоўнічаць з імі.

Ганна Герасімава: “Беларусь не з’яўляецца сябрам ніякіх рэгіянальных механізмаў: мы не ўваходзім у склад Савета Еўропы і адпаведна нашы грамадзяне не могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Акрамя таго, асабліва ў 2011 годзе, Беларусь адмаўлялася супрацоўнічаць з ААН у галіне грамадзянскіх і палітычных правоў чалавека, якія найбольш актыўна парушаюцца ў нашай краіне”.

Гульня, якую кіраўнік Беларусі спрабуе весці паміж Расіяй і Захадам, а таксама разгойдванне беларускіх “геапалітычных арэляў” сталі галоўнымі тэмамі ў выступе палітолага Аляксандра Класкоўскага.

Аляксандр Класкоўскі: "Лукашэнка марыць, каб Еўропа прыняла яго такім, які ён ёсць. Сённяшняя беларуская “стабільнасць” – вельмі крохкая, яна жыве за кошт танных расійскіх рэсурсаў. Чыста эканамічныя межы так званай адзінай эканамічнай прасторы небяспечныя для Беларусі, бо ствараюць моцныя выклікі для нерэфармаванай беларускай эканомікі. Таму Лукашэнка спрабуе зрабіць дубль два і зноў разгайдаць гэтыя геапалітычныя арэлі”.

Удзел у дыскусіі ўзяў дырэктар усходняга дэпартамента МЗС Польшчы Артур Міхальскі. Ён падкрэсліў, што Еўропа ўжо зразумела, што гуляць у палітычныя гульні з Лукашэнкам не варта. Па словах Міхальскага, ЕС трымаецца цвёрдай пазіцыі па Беларусі і аднаўленне дыялога з Мінскам магчымае толькі і выключна пасля таго, як усе палітвязні будуць вызваленыя.

Артур Міхальскі: “Мы чакаем, калі нарэшце беларускія ўлады пачнуць паважаць правы чалавека, чакаем, што ўсе палітвязні выйдуць на волю і змогуць вярнуцца да нармальнага жыцця, не баючыся вяртання за краты”.

Падчас сустрэчы ў прэс-клубе Polskа былі прэзентаваныя дзве кнігі: фотаальбом “Партрэты асуджаных за барацьбу за права выбару” і зборнік артыкулаў “Беларусь вачыма замежных журналістаў”. У апошнюю ўвайшлі матэрыялы пераможцаў міжнароднага конкурсу “Беларусь у фокусе”, які быў арганізаваны інфармацыйным Офісам салідарнасці з Беларуссю.

Дыскусіі “Новая гульня Лукашэнкі з Еўрасаюзам: хто будзе вызначаць правілы?”  працягнуцца ў Будапешце і ў Празе 15 і 16 мая адпаведна.

Фота — Еўрарадыё, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі