Хваля нелегальных мігрантаў з Беларусі да Польшчы працягваецца
У ноч з 25 на 26 траўня беларуска-польскую мяжу перасяклі ажно 13 нелегальных мігрантаў з Афганістану.
Яны былі затрыманыя ў 1,5 кіламетрах ад мяжы. Аб гэтым паведамляе Падляшскі аддзел памежнай службы.
У групу нелегалаў уваходзіла 7 мужчын, 2 жанчыны і 4 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 14 гадоў. Мяжу яны перасяклі пешшу. Іх хутчэй за ўсё чакае высылка на радзіму. Гэта ўжо восьмая вялікая група нелегалаў з пачатку года, якая змагла прайсці беларуска-польскую мяжу. Апошняя з іх складалася з пяці грузінаў і перайшла мяжу 2 дні таму.
Нагадаем, што 19 красавіка прадстаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту заявілі, што Беларусь пераглядае свае падыходы да арганізацыі аховы мяжы з Еўрасаюзам. Беларускія памежнікі цяпер будуць менш увагі звяртаць на тых, хто выязджае з краіны. Зроблена гэта будзе ў адказ на санкцыі з боку Еўрасаюза.