Кіраўнік Радыё Рацыя Яўген Вапа стаў неўязным у Беларусь

Яўген Вапа, які з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, ехаў у Беларусь па справах, звязаных з працай і не планаваў ніякіх важных сустрэчаў, як і ўдзел у значных мерапрыемствах. Ён хацеў набыць беларускіх кніжак, кружэлак, а таксама выказаць салідарнасць з некаторымі беларусамі.

Пра тое, што ён цяпер неўязны, спадар Вапа даведаўся толькі ў часе перасячэння беларускай мяжы. “Калі я даў пашпарт на кантроль, то віза не счыталася. Супрацоўнікі памежнай службы пачалі высвятляць у чым справа і праз 40 хвілінаў я атрымаў дзве пячаткі ў пашпарт — “віза ануляваная” і “уезд забаронены”, — распавёў Яўген Вапа ў жывым эфіры Еўрарадыё.

Кіраўнік Радыё Рацыя адзначыў, што дзеянні беларускіх памежнікаў былі карэктнымі. Яны ўбачылі ў адмысловым спісе яго прозвішча і былі нават разгубленыя. “Радыё Рацыя мае аўдыторыю на Беларусі і таму мяне вырашылі ўнесці ў спіс. Гэтае пашырэнне спісу неўязных у Беларусь адказ на пашырэнне чорнага спісу ЕС”, — мяркуе спадар Вапа.

Цяпер ён мае намер звярнуцца ў беларускую амбасаду ў Варшаве па афіцыйныя тлумачэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі