Кіраўніком БСДП (Грамада) стала Ірына Вештард

За Ірыну Вештард прагаласавала 77 чалавек пры адным голасе “супраць”. Яшчэ сем чалавек устрымаліся. Пасля свайго абрання спадарыня Вештард заявіла, што мае намер захоўваць адзінства партыі і не чыніць перашкодаў яе дзейнасці, “як гэта рабіў былы старшыня партыі Анатоль Ляўковіч”. Яна таксама паабяцала сысці з пасады кіраўніка БСДП (Грамада), калі не спраўдзіць спадзевы сябраў партыі.

Нагадаем, што апошні з’езд БСДП (Грамада) прайшоў 10 кастрычніка 2010 года. На ім кіраўніком партыі замест Анатоля Ляўковіча абралі Анатоля Сідарэвіча. Аднак Мінюст прызнаў вынікі з’езду несапраўднымі ў сувязі з парушэннямі заканадаўства пры яго падрыхтоўцы. Несапраўдным было прызнана і абранне Анатоля Сідарэвіча на пасаду старшыні партыі, паведамляе БелаПАН.

***

Еўрарадыё задало некалькі пытанняў Ірыне Вештард.

Еўрарадыё: Навошта вам было гэта трэба, навошта вы пагаджаліся?

Вештард: “Я ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі з першага дня яе існавання. І калі склаліся такія вельмі непростыя абставіны ў партыйнай арганізацыі, то не хацелася пабачыць яе ў небыцці. Таму я сабе сказала: “паспрабуем нешта зрабіць”. Памятаючы пра свае 20 год праваабарончай дзейнасці, пра змаганне часам за лёс людзей, мне захацелася пазмагацца за лёс партыі”.

Еўрарадыё: На з’ездзе, які прайшоў 10 кастрычніка мінулага года, новым кіраўніком партыі замест Ляўковіча быў абраны Сідарэвіч, але Мінюст не прызнаў вынікі таго выбара. Якія спадзяванні, што Мінюст прызнае гэты з'езд?

Вештард: “Я не так моцна пераканана, што Міністэрства юстыцый будзе прыкладаць намаганні для таго, каб нас знішчыць, каб нас не прызнаць, бо мы імкнуліся выканаць загад, імкнуліся зрабіць усё для таго, каб партыя існавала. Не выключаю на дадзены момант, што можа здарыцца ўсялякае, ці можна ў нашай дзержаве быць на 100% у нечым перакананым? Але я ўскладаю надзею на лепшае”.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі