Колькасць ахвяр тэракта ў метро павялічылася да 15 чалавек
25 траўня аб 11 гадзіне ў мінскім шпіталі памёр доктар Андрэй Ільін. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла жонка загінулага.
Як стала вядома Еўрарадыё, 25 траўня аб 11 гадзіне памёр пацярпелы падчас тэракта ў метро Андрэй Ільін. Пра гэта паведаміла жонка памерлага Наталля.
Наталля Ільіна: “Ён памёр сёння... Аб 11 гадзіне”.
Доктар Андрэй Ільін працаваў намеснікам галоўнага ўрача мінскай "хуткай дапамогі". Больш за 10 гадоў ён аддаў медыцыне, ратуючы жыцці людзей. У студэнцкія гады працаваў фельчарам, а пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта – доктарам.
Пасля выбуху Андрэй Ільін сказаў медыкам, што працуе ў "хуткай", але не прызнаўся,
што з'яўляецца адным з яе начальнікаў, і папрасіў ратаваць іншых людзей.
11 красавіка, у момант выбуху, Андрэй выходзіў з цягніка на станцыі метро “Кастрычніцкая”. Як і сотні іншых пасажыраў, вяртаўся з працы – да жонкі, сына і маленькай дачкі.
Пасля выбуху Андрэя даставілі ў вайсковы шпіталь у цяжкім стане. У яго былі шматлікія раненні, але самымі небяспечнымі былі пашкоджанні абодвух вачэй. Сябры і калегі доктара арганізавалі збор сродкаў, бо меркавалася, што для ўзнаўлення вачэй Андрэю Ільіну спатрэбіцца аперацыя за мяжой.
Некалькі тыдняў таму Андрэя Ільіна прааперавалі ў Мінску. З таго часу ён праходзіў пасляаперацыйную рэабілітацыю, якая была патрэбная для вызначэння далейшага лячэння.