Колькі ў Беларусі Шагала?
Да нядаўняга часу карцін мастака ў краіне не было зусім — толькі графіка. А жывапісу няма і цяпер.
"У калекцыі нашага музея больш за 330 арыгінальных графічных прац Шагала — літаграфія, афорт, акватынта. Жывапісу ў Беларусі няма", — распавядаюць Еўрарадыё ў віцебскім Доме-музеі Марка Шагала.
На выставе ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі, як аказалася, таксама няма жывапісу. Але ёсць карціны, намаляваныя гуашшу. "Белгазпрамбанк" набыў некалькі карцін Шагала. Да гэтага ў Беларусі была толькі графіка мастака, які нарадзіўся і пражыў да 1920 года ў Віцебску. Але ў Нацыянальным мастацкім музеі нас здзіўляюць.
Гравюры, якія падараваў Нацыянальнаму мастацкаму музею "Белгазпрамбанк"
"Творчасць Шагала на выставе прадстаўлена толькі графічнымі працамі. "Белгазпрамбанк" закупіў партыю гуашшу, але яна ўсё жыццё лічылася графікай, гуаш — гэта арыгінальная графіка, яна адзіная і непаўторная. І ёсць друкаваная графіка, якая ў залежнасці ад тэхнікі выканання можа мець пэўную колькасць адбіткаў".
Гэта значыць копій. Напрыклад, у гравюры адзін наклад, у літаграфіі іншы. Гэтыя працы не ў адзіным экзэмпляры. У Нацыянальнага мастацкага музея раней зусім не было прац Шагала, цяпер банк падараваў дзве карціны.
Магчыма, нейкія творы Шагала ёсць у прыватных калекцыях. Але пра гэта не вядома. На выставе прадстаўленыя працы з прыватных калекцый, але таксама ўсе графічныя. Ёсць нешта з музейных збораў, калекцыя банка і тры карціны з Віцебска.
"У нас у музеі друкаваная графіка — афорты, акватынты і літаграфіі. Іх можа быць не адзін экзэмпляр, а некалькі. Друкаваная графіка робіцца з нейкай матрыцы. Афорты — з меднай ці цынкавай пласціны, ксілаграфія — з драўлянай дошкі, літаграфія — з літаграфскага каменя. Але ўсе яны з'яўляюцца самастойнымі творамі мастацтва і каштуюць грошай. Самыя дарагія першыя 10 адбіткаў, гэта ўласнасць аўтара. Некалькі прац нам падаравала дачка Шагала за год да сваёй смерці. Гэта вельмі дарагія працы, яны зараз выстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі. Кошт назваць не магу, але паверце, наш музей не ў стане набыць ніводнай працы", — распавядаюць у віцебскім музеі Шагала.
"Мёртвыя душы". Афорт. Такая праца ёсць у віцебскім музеі.
Каштуюць яны не адзін дзесятак тысяч долараў. Проста кажучы, графічныя працы зробленыя самім Шагалам, але надрукаваныя з дапамогай розных тэхнічных сродкаў. Колькасць копій абмежаваная і самыя першыя — самыя якасныя і дарагія. Ёсць у музеі 5 ксілаграфій, 96 афортаў, падараваных унучкамі Шагала і зробленых на японскай рысавай паперы. Каштуе такая калекцыя больш за 100 тысяч долараў.
"Шагал з'язджаў з Віцебска ў 1920 годзе. Тады была такая вайна, што зусім нічога магло не застацца. Усё знішчалася і вывозілася. Няма на тэрыторыі Беларусі жывапісу. Кажуць, што ён хацеў нешта падараваць, але пры ўмове, што будзе створаны яго музей. Тады на гэты крок не пайшлі і музей не стварылі. А французскія ўлады пайшлі".
У Ніцы ў 1973 годзе пабудавалі Музей біблейскага паслання Марка Шагала, для яго мастак напісаў 17 велізарных жывапісных прац.
"Закаханыя. Прагулка." Холст, алей. Дзяржаўная Траццякоўская Галлерея.