Конкурс у парламент: 0,44 апазіцыянера на адзін мандат

Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі апазіцыянераў працягвае змагацца за дэпутацкі мандат. Але высвятляецца, што разабрацца, хто з апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты якую палітычную структуру прадстаўляе, складана.

Лічым: ад АГП — 38 чалавек, ад Партыі БНФ — 31, ад БСДП (Грамада) — 11, ад “Справядлівага свету” — 29, 13 зарэгістраваных кандыдатаў падтрымлівае кампанія “Гавары праўду!” і 40 ішлі на выбаршчыкаў з “Народнай праграмай” руху “За свабоду”. 162 прадстаўнікі дэмакратычных сіл!

Пералік апазіцыянераў паводле сайта ЦВК дае крыху іншую лічбу — каля 117 чалавек. Недакладнасць можа ўзнікнуць з-за таго, што не да канца зразумела, якую палітычную структуру насамрэч прадстаўляе той ці іншы кандыдат. Еўрарадыё знайшло сярод 13 кандыдатаў ад “Гавары праўду!” двух сябраў Партыі БНФ і пяць — БСДП (Грамада). А з 40 кандыдатаў руху “За свабоду” толькі дзесяць не з’яўляюцца сябрамі якой-небудзь палітычнай структуры.

Такім чынам, конкурс сярод апазіцыянераў на адно месца ў парламенце складаў 1,06 чалавека. Гэтых людзей хапіла б на тое, каб “закрыць” усе 110 выбарчых акруг, і нават яшчэ б засталося. Але на пэўных акругах дэмакраты змагаліся паміж сабой.


Праўда, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ знялі сваіх кандыдатаў. Такім чынам, сёння ў спісах кандыдатаў застаецца каля 49 прадстаўнікоў дэмсіл. Альбо 0,44 чалавека на кожнае са 110 месцаў у Авальнай зале. Але па-ранейшаму засталіся асобныя акругі, дзе апазіцыянеры будуць змагацца паміж сабой. Такія асаблівасці палітычнай барацьбы па-нашаму.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі