Кошты на цукар у Беларусі не ўздымуцца да восені
Але ў верасні ўсё ж магчымае падаражанне.
Пра гэта 29 ліпеня паведаміў журналістам старшыня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчанка. Кошты на салодкі пясок застануцца нязменнымі да пачатку збору новага ўраджаю цукровых буракоў, адзначае БелаПАН.
Цана будзе залежаць ад новага ўраджаю і сапраўды здольная ўзняцца вышэй за леташнюю. Так, прыкладны кошт на цукровыя буракі складзе 35 еўра за тону, а летась было 30 еўра. Разам з тым ва ўмовах працы ў Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы дыспарытэт коштаў на цукар ды іншую прадукцыю будзе выроўнівацца. Рэч у тым, што сёлета ў Расіі чакаецца вялікі ўраджай буракоў, а таму цана на цукар можа пайсці долу.
Пры гэтым старшыня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” папракнуў беларусаў за ажыятажны попыт на салодкі прадукт. Па словах Івана Данчанкі, увесь раскуплены цукар мог пайсці на экспарт і краіна магла б зарабіць на ім каля 90 мільёнаў долараў. Сёлета аб’ём продажаў цукру на аднаго чалавека ў Беларусі складае ажно 50 кілаграмаў. А ў Еўропе гэты паказнік усяго 35-36 кілаграмаў.