Крамбамбуля ў Вільні: не падкажаце, як будзе па-літоўску паўсалодкае?

Цёплай суботняй ноччу 28 красавіка ў віленскім клубе "Лофт" Крамбамбуля нарэшце прэзентавала свой альбом "Драбадзі-драбада". Мерапрыемства неспадзявана перайшло ў начны фармат бо прыхільнікі гурта завіслі на памежных пераходах паміж Беларуссю і Літвой, і артысты, спачуваючы, вырашылі іх пачакаць. У выніку канцэрт пачаўся толькі пасля 10-й вечара.

Па словах літоўскіх мытнікаў, "людзі, якія на канцэрт", усю суботу бясконца фарсіравалі мяжу пешшу, на аўтамабілях, матацыклах і іншым транспарце.

Увогуле, тое, што адбывалася ў Вільні ў гэтыя дні, мала нагадвала рэчаіснасць. Хутчэй, гэта быў сон, у якім несумяшчальныя наяве фрагменты складваюцца ў дзіўнае стракатае кіно. Але пачалося ўсё з надзённага для сучаснай Беларусі факта. Вышэйшыя сілы па неакрэсленых "ўсім зразумелых " прычынах адмянілі чаканую многімі прэзентацыю новага альбома Крамбамбулі “Драбадзі-драбада”. Пасля чаго музыкі і арганізатары не склалі рукі ў шкадаванні, хаця, шкадаваць сапраўды ёсць пра што, а проста паведамілі праз некаторы час, што выступ пераносіцца ў суседнюю краіну.

 

 Тым часам сама Вільня пачала нагадваць мару беларускага нацыяналіста ці польскі Гарадок падчас Басовішча.

І вось, купіўшы білеты і атрымаўшы ў літоўскім консульстве да іх бясплатныя, але такія каштоўныя для беларусаў візы, аматары Крамбамбулі памкнуліся за межы радзімы. Вось тут акурат сон і ява пачынаюць пераплятацца і блытацца. Паспяхова пакінуўшы межы Рэспублікі Беларусь, Еўрарадыё апынулася на нічыйнай нейтральнай тэрыторыі, нерухома завісла “паміж небам і зямлёй” на цэлых пяць гадзін. Калі час спыніўся, мы і “ўсе гэтыя людзі, якія на канцэрт”, як казалі літоўскія мытнікі, назіралі, як на нашых вачах у красавіку настае лета, дрэвы распускаюць лісце і проста з зямлі за пару хвілін вырастаюць кветкі з водарам таннай беларускай саляркі.

Гадзіны чакання канцэрта перад клубам. Патрыятычна настроеная моладзь вымыла з літоўскай крамы "Дарыду".

Мяркуем, што не толькі Еўрарадыё імгненна выйшла са стану памежнага анабіёзу з першых хвілін знаходжання ў Вільні. Атмасфера ў сталіцы суседняй дзяржавы была нязвыклай. Горад нагадваў мару беларускага нацыяналіста і нечым польскі Гарадок падчас Басовішча. Пякло сонца, па вуліцах курсіравалі шматлікія групы вясёлых маладзёнаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, а мінакі віталіся адзін з адным па-беларуску. Такая абстаноўка відавочна здзіўляла прадаўшчыц у крамах, афіцыянтаў, і нават твар Ф. Скарыны на мемарыяльнай шыльдзе, падавалася, крыху выцягнуўся.

Вось такую размову падслухала Еўрарадыё ў адной з віленскіх крам:

– Ох, даруйце, мы ў безвыходным становішчы, зусім не разумеем па-літоўску. Не падкажаце, як будзе паўсалодкае?

– Ведаеце, нават уявіць сабе не магу…

 

 На наступны дзень па цэнтры Вільні курсіравала мнагалюдная беларусаарыентаваная экскурсія.

Што ж тычыцца цэнтральнай падзеі ўсяго гэтага дзейства, уласна канцэрту гурта Крамбамбуля, то ён, напэўна, быў самым рэальным ва ўсёй гэтай мазаіцы. Лявон Вольскі прадставіў Крамбамбулю як "самы страшны і самы забаронены гурт", і разам з музыкамі адразу ж нажыва прэзентаваў публіцы новы інтэрнацыянальна-панкавы альбом, сыграўшы ўсе песні ў альбомнай жа паслядоўнасці. А пасля ўдзячная публіка атрымала падборку з лепшых хітоў Карамбамбулі. Дарэчы, у гэты вечар на сцэне віленскага клуба “Лофт” мусіў з’віцца Аляксандр Кулінковіч, але сюрпрызу не атрымалася. Лідар “Нейра Дзюбеля” не прыехаў, і Лявон Вольскі самастойна спеў тужлівую песню пра “марскога чалавека”. Еўрарадыё так і не давялося высветліць, што ж здарылася з музыкам. Некаторыя казалі, ён прыхварэў, па іншай інфармацыі, музыка проста знік напярэдадні канцэрта.

 

Басіст Аляксандр Францішак Мышкевіч не спыняе эксперыменты са знешнасцю, якія падкрэсліваюць інтэрнацыянальнасць Крамбамбулі.

 

У адрозненне ад Кулінковіча, літоўскі музыка Андрус Мамантавас, мяркуючы па ўсім, з задавальненнем падняўся на сцэну і ў дуэце з Лявонам Вольскім выканаў песню "Бо я ніколі кахання ня меў". Пасля, падвышаючы эмацыянальна-танцавальны градус, Крамбамбулеўцы выканалі блок сваіх “алкагольных” хітоў. Пад “АбсэнтЛявон Вольскі прапанаваў танцаваць у парах, а пад “Хочаш піва” вырасла чарга да бару. А вось, напрыклад, радкі з песень “Госці” і “Турысты” набывалі ў кантэксце гэтага канцэрту розныя неспадзяваныя сэнсы. Напрыканцы канцэрту Лявон Вольскі абвясціў, што зараз дазволіць сабе сыграць "чужую і не сваю песню", і Крамбамбуля выдала шчаслівай публіцы сваю версію NRM-аўскіх "Трох чарапах".

 

Хочаш піва? 

Новы дыск Крамбамбуля прэзентавала ў альбомнай паслядоўнасці. А пасля сыграла свае галоўныя хіты "ўсіх часоў і народаў".

Мяркуючы па чарзе, якая стаяла на ўваходзе ў клуб на наступны дзень, усе 3 канцэрты Крамбамбулі ў літоўскім “Лофце” маюць шанец прайсці з аншлагамі. З чым мы і віншуем музыкаў і ўсіх тых, каму ў гэтыя дні давялося пабываць у дзіўнай Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі