Крэдытны рэйтынг Беларусі зноў панізілі
Агентцтва Moody's Investors Service знізіла рэйтынг аблігацыяў беларускага ўраду з В2 да В3, прагноз рэйтынгаў — “негатыўны”.
Зніжэнне рэйтынгу звязана з абмежаванасцю знешняй дапамогі, атрыманай Беларуссю для пакрыцця адмоўнага сальда плацёжнага балансу. Апрача таго, агенцтва адзначае наступствы дэфіцыту замежнай валюты, а таксама значную дэвальвацыю беларускага рубля.
Далейшае зніжэнне рэйтынгу будзе залежаць ад таго, наколькі верагодным будзе для Беларусі атрымаць знешняе фінансаванне. Таксама будуць улічваць палітыку ўраду, скіраваную на выпраўленне макраэканамічных праблем, паведамляе Interfax.by
Ужо другі раз за гэты год Moody's Investors Service зніжае крэдытны рэйтынг Беларусі. У папярэдні раз гэта адбылося ў канцы сакавіка, зніжэнне было з В1 да В2. Іншыя крэдытныя агенцтвы, кшталту Standard & Poor's, таксама паступова зніжаюць паказнікі нашай краіны.