Ксёндз і бацюшка асвяцілі катлаван Астравецкай АЭС
Адбылося гэта ў прысутнасці намесніка міністра энергетыкі і старшыні райвыканкама.
Як вядома, катлаван Астравецкай атамнай станцыі ужо пачалі капаць, хоць галоўны кантракт з расіянамі на будаўніцтва АЭС яшчэ не падпісаны.
Днямі катлаван асвяцілі святары — настаяцель астравецкай царквы Пятра і Паўла айцей Георгі Савіцкі і ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Леанід Нясцюк.
У гэты ж дзень, паведамляе сайт “Мірны Атам”, на пляцоўцы прысутнічаў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька, а таксама кіраўнік будоўлі Юрый Пуставы і дырэктар дырэкцыі будаўніцтва АЭС Міхаіл Філімонаў.
Дарэчы, у выпадку запуска АЭС Гервяты рызыкуюць патрапіць у зону асаблівай аховы, што значна ўскладніць жыццё турыстам. А турыстаў туды едзе вельмі шмат, бо Гервяцкі касцёл мае вышыню са шпілем 61 метр, што робіць яго ці не найвышэйшым (разам з Відзамі) каталіцкім храмам Беларусі.