Куды знікаюць беларускія запалкі?
Да 90 працэнтаў запалак прадаюць за мяжу, а крамы скардзяцца на перабоі.
“Быў узмоцнены пакупніцкі попыт. Людзі узмоцнена скуплялі, і заяўкі не заўсёды выконваліся своечасова. Напрыклад, мы заказвалі 10 скрыняў, а нам давалі 5”, - распавядае Еўрарадыё супрацоўніца крамы “Щедрый”.
У той час на “Пінскдрэве” кажуць, што паставілі ў беларускія крамы больш, чым былі абавязаныя па квотах. Там падазраюць, што беларусы кінуліся прадаваць запалкі... у Расіі!
“Пінскдрэў”: “Можа быць, паўплывала і тое, што недзе ў Расію вывозілі. Бралі не па карабку, а па скрыні, дзве ці тры”.
Але сам “Пінскдрэў” таксама “вывозіць” запалкі ў Расію. Агульная доля экспарту прадпрыемства складае 90 працэнтаў. У Беларусі застаецца толькі 10 працэнтаў запалак. Пінскія запалкі пастаўляюцца ў Малдову, Украіну, Казахстан, Кіргізію і Азербайджан.
“Пінскдрэў”: “У сярэднім за месяц атрымоўваецца зарабіць 550 тысяч долараў, хаця плануем 625 тысяч. Хочам і можам, але вымушаныя закрываць беларускі рынак. І валюта з таго не прыходзіць”.
Як даведалася Еўрарадыё, “Барысаўдрэў” прадае за мяжу каля 80 працэнтаў запалак. Але з-за недахопу ў Беларусі, прадпрыемства вымушана “ушчамляць” экспарт. Тут здзіўляюцца: адкуль такі ажыятаж на запалкі ўнутры краіны.
“Барысаўдрэў”: “На мінулым тыдні на беларускі рынак у гандаль мы аддалі крыху менш за 10 тысяч скрыняў запалак. Хаця ў сакавіку ў нас на складзе было 60 тысяч скрыняў, і ніякі беларускі рынак не хацеў узяць нават 5 тысяч скрыняў”.
На “Гомельдрэве” таксама заўважылі павышаны попыт.
“Гомельдрэў”: “У нас такога не было, каб мы ўвогуле запалак не давалі. Дарэчы, увесь лістапад нам тэлефанавалі з усіх абласцей – прадпрыемствы і крамы – і прасілі заключыць дагавор на пастаўку запалак, бо ні Барысаў, ні Пінск не давалі. Але, на жаль, мы не маглі даць, мы толькі сваім адгружалі”.
На прадпрыемстве кажуць, што на экспарт ідзе крыху больш за палову вырабленных запалак. Але “Гомельдрэў” стараецца клапаціцца пра сваіх пакупнікоў, і ў першую чаргу прадае запалкі кліентам з Гомельскай вобласці.
Фота: akak.ru