К/з "Мінск" аднавіла працу на наступны дзень пасля адмены "Рок-Каранацыі"
А прычыны, па якіх спрацавала сігналізацыя, супрацоўнікі залы назваць адмовіліся.
Праблемы з пажарнай сігналізацыяй у канцэртнай зале "Мінск" вырашылі 19 лютага, на наступны дзень пасля адмены “Рок-Каранацыі”. Пра гэта паведаміла намесніца дырэктара канцэртнай залы Алена Гамелькова. Па яе словах, канцэрты Зары, Алега Газманава ды Віктара Каліны, запланаваныя на бліжэйшыя дні, адмененыя не будуць.
Алена Гамелькова: "У суботу я тут знаходзілася да самага вечара, праблемы вырашыліся. Я давала поўную інфармацыю выразна і пэўна, увесь інтэрнэт гэтым запоўнены. Нічога новага я вам не скажу, у мяне няма часу, у мяне сядзіць цэлы кабінет людзей, у нас шмат пытанняў, якія трэба вырашаць неадкладна".
Нагадаем, увечары 17 лютага, адразу пасля канцэрта гурта "Город 312" у к/з "Мінск" спрацавала пажарная сігналізацыя, і на сцэну апусцілася жалезная завеса, якая павінна спыняць распаўсюд агню з боку сцэны ў глядацкую залу.
"Абслугоўваннем сігналізацыі займаецца спецыяльная арганізацыя, – распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар мінскага ўпраўлення МНС Віталь Зімбоўскі. – Але прычыну высветліць яны не здолелі і адразу падняць заслону яны таксама не здолелі. Яны папрасілі адзін-два дні на ўхіленне гэтай хібы. Калі гэтая канструкцыя апушчаная, то ў кожным выпадку немагчыма праводзіць канцэрт. Каб яны адразу паднялі заслону, мы б ім прапанавалі "кампенсуючае мерапрыемства": выставіць дадатковыя нарады ды аўтамабілі, каб забяспечыць пажарную бяспеку. Але мерапрыемства не прайшло менавіта таму, што была апушчаная заслона, і яе не здолелі падняць".
Казаць пра дакладныя прычыны, па якіх спрацавала сігналізацыя, у к/з Мінск адмовіліся, а таксама не захацелі называць арганізацыю, што адказвае за пажарную бяспеку ў зале.
Адзначым, што пасля здарэння арганізатары "Рок-каранацыі" вырашылі не праводзіць канцэрт у тым жа к/з "Мінск", толькі пазней. Мерапрыемства перанеслі ў клуб "Рэактар", дзе яно і пройдзе 23 лютага. Па словах арганізатара “Каранацыі” Паўла Кашырына, ніякай "няўстойкі" за адмену канцэрта не прадугледжваецца і патрабаваць яе ніхто не будзе.
Павал Кашырын: "Яны нам проста вярнулі грошы за арэнду, якая кампенсацыя..."
Што ж тычыцца ўжо набытых квіткоў, то яны будуць дзейсныя і на канцэрт у “Рэактары”. Калі хтосьці не захоча пайсці на "Рок-каранацыю" ў клуб, то ім вернуць грошы за квіток.
Фота: nemiga.info