Латушка карыстаецца iPhone і iPad, а міністр ЖКГ усё робіць на бягу

120116 Luka6uk Ministry.mp3

Міністру культуры Паўлу Латушку — 37 гадоў, як і яго калегу — міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатолю Шорцу. Як сцвярджаюць падначаленыя самых маладых беларуских міністраў, гэта пакідае свой адбітак на тэмпе працы.


“Шмат праектаў, шмат чаго рэалізуем дзякуючы таму, што працуем хутка, — дзеліцца ўражаннямі ад працы з міністрам культуры яго 26-гадовая прэс-сакратарка Ганна Смольская. — Ён карыстаецца вольна і iPhone, і iPad. Мы распрацавалі разам старонку Міністэрства культуры на Facebook, старонка Мінкульта ёсць у twitter, ён падтрымлівае маленькія праекты, звязаныя з сучаснымі сродкамі інфармацыі”.


Праўда, як даведалася Еўрарадыё, сам Латушка нічога ў twitter не піша. Ці карыстаецца iPad Анатоль Шорац, сакратарка не ведае. Але таксама хваліцца, што мець з ім справу прыемна. Асабліва калі параўноўваць з працай у міністэрстве адукацыі.


Сакратарка: “А што тут хаваць — у мяне ёсць, з чым параўнаць, я амаль 20 гадоў у адукацыі адпрацавала, гэта неба і зямля, канешне. Калектыў падбіраецца такі, што людзі і разумеюць усё з паўслова, няма нервовасці, хоць “напружанка”, канешне, ёсць. Увогуле, наш новы міністр стараецца па-новаму ўсё, цікавіцца інавацыйнымі тэхналогіямі. Актыўны Шорац, не тое слова — ён усё бягом і бягом!”


З трох намеснікаў міністра ЖКГ двое — людзі маладыя. А яго “правая рука” Аляксандр Церахаў нават крыху маладзейшы за свайго кіраўніка. У Латушкі толькі яго першы намеснік Уладзімір Карачэўскі блізкі яму па ўзросце — 1970 года нараджэння. Два іншыя намеснікі маюць далёка за 50 гадоў.


Ва ўсёй жа “міністэрскай камандзе” Латушкі, паводле словаў Ганны Смольскай, дастаткова як людзей маладых, да 30 гадоў, так і дасведчаных супрацоўнікаў — пасля 50 гадоў. І за два з паловай гады працы на гэтай пасадзе каманда ўжо склалася. Анатоля Шорца прызначылі міністрам толькі ў чэрвені 2011 года. Сваю каманду ён яшчэ складае.


На год старэйшы за сваіх калег новапрызначаны міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі — 1972 года нараджэння. Ён заняў пасаду некалькі месяцаў таму, і яшчэ не пачаў складаць сваю каманду, дзеліцца з Еўрарадыё начальнік аддзела ліцэнзавання Галіна Грышкавец.


Галіна Грышкавец: “Міністр вельмі прыгожа ўпісаўся ў існуючую каманду, з якой ён пакуль паспяхова працуе”.


Кажучы пра змены, адзначае толькі, што тэмп працы стаў больш жорсткі.


Галіна Грышкавец: “І пры папярэднім міністры мы штомесяц з такой колькасцю новых ідэй працавалі! Таму сказаць, што неяк, нешта ўсё зусім па-новаму — не магу. Можа быць, тэмп больш жорсткі стаў...”


Наступным па “маладосці” ідзе міністр эканомікі Мікалай Снапкоў — 1969 года нараджэння. Два з чатырох яго намеснікаў — людзі маладыя. Адзін 1976 года нараджэння, другі — 1971. Як заўважна, кожны “малады” міністр прыводзіць з сабой як мінімум аднаго намесніка свайго ўзросту і пакідае працаваць намеснікам чалавека дасведчанага.


Калі казаць пра астатніх міністраў, то яны маюць значна большы працоўны стаж. І самы сталы з іх — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі