Лешак Шарэпка: Каб даць візу на 5 гадоў, трэба быць упэўненым у чалавеку
Такія доўгітэрміновыя візы выдаюць толькі тым, у чыёй будучыні польскі кансулят упэўнены.
Шматразовыя візы тэрмінам на 3 альбо 5 гадоў беларусам у польскім кансуляце ставяць і сёння, але вельмі рэдка. Як тлумачыць амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё, такія “доўгія” візы даюць толькі тым, у кім супрацоўнікі консульскай службы ўпэўненыя.
Лешак Шарэпка: “Ніхто не ведае, што чалавек будзе рабіць праз 3 ці 5 гадоў. Калі прыходзіць біскуп, да прыкладу, то я яму даю візу на 3-5 гадоў, бо ён да канца жыцця будзе біскупам, і тут няма праблем. Але калі прыходзіць чалавек, які мае добрую візавую гісторыю, але які сам не ведае, што будзе рабіць праз 2 ці 3 гады, то ў нас узнікаюць складанасці: на якой падставе даць яму візу на больш працяглы перыяд?”
Па словах амбасадара, польскі кансулят і так дае візы на больш працяглы тэрмін, чым указваецца ў анкетах. Дыпламаты спрабуць прытрымлівацца балансу: і людзям дапамагаць, і законы не парушаць. Да таго ж, у чалавека, які ў свой час атрымаў візу на пяць гадоў у якасці прадпрымальніка, але праз два гады апынуўся беспрацоўным, могуць узнікнуць праблемы на мяжы.
Поўная версія інтэрв’ю будзе размешчаная на сайце Еўрарадыё ў аўтарскай рубрыцы Змітра Лукашука “Нязручныя пытанні”.