Летась у Беларусі капітальна адрамантавалі толькі 0,08% дарог
Чыноўнікі кажуць, што на бюджэтныя грошы капітальна рамантаваць дарогі можна толькі раз у 300 гадоў, а эксперты сцвярджаюць, што будаваць добра ад пачатку нявыг
Кожную вясну гісторыя паўтараецца: па беларускіх дарогах немагчыма праехаць з-за ямін і дарожнікаў, якія гэтыя ямы спрабуюць латаць. Але каго вінаваціць у такім стане рэчаў: сёлетнюю незвычайна снежную і марозную зіму, дарожнікаў, якія давялі дарогі да такога становішча, альбо якасць асфальту?
У тым, што сёлета вясна прынесла нам незвычайную колькасць выбоінаў на дарогах, начальнік упраўлення ўтрымання дарожнай сеткі дэпартамента “Белаўтадор” Аляксандр Галаўнёў найперш вінаваціць надвор’е. Кажа, летась была магчымасць рамантаваць дарогі і ўзімку, а сёлета маразы і снег такіх шанцаў дарожнікаў пазбавілі. І выбоіны “выскачылі раптоўна”.
Аляксандр Галаўнёў: “Вялікая глыбіня прамярзання зямлі была, і, калі пачынае раставаць, вада не сыходзіць, а збіраецца ў пакрыцці — дрэнажу няма. І зараз: уначы марозіць, а ўдзень — адтайвае. І гэта выклікала інтэнсіўнае з’яўленне ямачнасці”.
Папраўляць дарогі сёлета зноў будуць з дапамогай ямачнага рамонту. Але кіроўцы кажуць, што ад яго не толькі мала толку, але і шмат перашкод.
“Калі ўлятаеш у яміну, залітую вадой, — мацюкаешся вельмі доўга, — скардзіцца Еўрарадыё таксіст Аляксей Дарашэвіч. — Я не спецыяліст, але латаць па два-тры разы на год адныя і тыя ж ямы… Можа, асфальт дрэнны, не выконваюцца тэхналогіі, але латаць адныя і тыя ж яміны цягам года — гэта не справа”.
Вялікую колькасць выбоінаў у “Белаўтадоры” тлумачаць станам дарог, у якім яны “пайшлі на зіму”.
Аляксандр Галаўнёў: “Гэта звязана са станам, у якім пакрыццё ўвайшло ў зіму. “Недарэмонты”, несвоечасовыя капітальныя рамонты. Набіраюцца дэфекты, якія потым праяўляюцца ўсё інтэнсіўней і інтэнсіўней”.
Працягласць дарог у нашай краіне — амаль 86 тысяч кіламетраў. Звыш як 74 тысячы кіламетраў дарог маюць цвёрдае пакрыццё, якое перыядычна трэба рамантаваць. Але, згодна са словамі Аляксандра Галаўнёва, летась грошай хапіла на капітальны рамонт толькі 60 кіламетраў дарог.
Аляксандр Галаўнёў: “Летась па ўсёй сетцы рэспубліканскіх дарог, якіх больш за 15 тысяч, было выканана 60 кіламетраў капітальнага рамонту. Гэта мы выйшлі на міжрамонтныя тэрміны раз на 300 гадоў! Зразумела, што калі дарогу рамантаваць раз на 300 гадоў, то мы так і будзем толькі ямкі латаць бясконца з нарастаючымі тэмпамі”.
Але наўрад ці сітуацыя палепшыцца і сёлета. Паводле бюджэту на 2010 год, на ўтрыманне дарог выдзелена 282 мільярды рублёў. Палова з іх — на капітальны рамонт. Гэтага, адзначае супрацоўнік “Белаўтадора”, ізноў будзе мала.
Аляксандр Галаўнёў: “Па ўтрыманні сума амаль дастатковая. Адсоткаў 20 можна было б дадаць. А вось што тычыцца капітальнага рамонту, на які выдзелена 146 мільярдаў, — гэтую лічбу трэба было б павялічыць разоў у 5”.
Але не толькі ў недахопе грошай справа, лічыць эксперт, выпускаючы рэдактар газеты “Аўтабізнес” Сяргей Міхайлаў. Паводле яго словаў, ямы штогод з’яўляюцца з-за дрэннай якасці асфальту, які ў нас вырабляюць, і нежадання рамонтнікаў даводзіць дарогі да ладу.
Сяргей Міхайлаў: “Адзін раз добра зрабіў дарогу, а што потым рабіць? Куды армія дарожнікаў пойдзе на наступны год? Яны застануцца без працы”.
Што тычыцца якасці асфальту, то, заўважае Аляксандр Галаўнёў, да яго бываюць прэтэнзіі, але з большага яно някепскае. І назваў глупствам абвінавачванні ў тым, што ямачны рамонт выгадны рамонтнікам, бо дазваляе забяспечваць сваіх супрацоўнікаў працай і хаваць розныя махлярствы.
Аляксандр Галаўнёў: “Летась Дзяржкантроль двойчы правяраў “Белаўтадор”. Замяралі аб’ём ямачнасці і ацэньвалі, колькі пайшло туды асфальтабетона. Усё можна праверыць пры жаданні. І калі раз на паўгода прыходзіць Дзяржкантроль і правярае ўсё, знікае жаданне займацца нейкімі махінацыямі. Што ж тычыцца таго, што нам лепш ямачнасцю займацца, то гэта проста глупства. Усе дарожнікі скажуць ў адзін голас, што яны б забыліся на гэтую тэхналогію, калі б была магчымасць заліць новы слой пакрыцця”.
Чыноўнік прызнаецца, што ён таксама не стрымліваецца ў моцных выразах у адрас стану дарог, калі едзе па горадзе. Але ставіцца да сітуацыі з разуменнем і раіць кіроўцам быць больш уважлівымі на дарогах. Тое ж кажа і прадстаўнік мінскай ДАІ Юрый Красноў.
Юрый Красноў: “Па прычыне нездавальняючага стану праезнай часткі вельмі мала бывае ДТЗ. Сутыкнуліся дзве машыны, да прыкладу, і напісана, што прычынай стаў нездавальняльны стан праезнай часткі — такіх ДТЗ не бывае”.
Галоўнае, кажа, быць уважлівымі на дарозе і звяртаць увагу на знакі дарожных работ. І тое, што, рамантуючы дарогі, працаўнікі ствараюць заторы — гэта, прызнае ДАІшнік, непазбежнасць, з якой трэба мірыцца. Як і рамонт машыны, прычынай якога стануць яміны на праезнай частцы.
Таксама па тэме:
Мінская кальцавая дарога патрабуе тэрміновага рамонту
Фота: Змітра Лукашука