Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю беларускім СМІ

Прэс-канферэнцыя доўжылася 5 гадзін 17 хвілінаў.

Змяшчаем некаторыя цытаты з сённяшняга выступлення Аляксандра Лукашэнкі:

***

Пра аўтапошліны ў Мытным саюзе: "Урону пры пакупках аўтамабіляў не будзе. Я займуся гэтым. Аж да пабудовы ў нас аўтамабільнага заводу! Не так, як з іранцамі ў нас атрымалася ці з "Фордам".


"Я сам зацяты кіроўца. Я кажу, што нарадзіўся ў аўтамабілі. /.../ Я і зараз ваджу". 


"Зараз кожная другая сям'я мае аўтамабіль. А некаторыя — па 2, па 3".

***

Пра адукацыю: "Я кансерватар: кніжка — гэта святое. /.../ Я не прыхільнік таго, каб бегчы наперад і спяшацца. А потым гэтыя хакеры-шмакеры... Крый божа, потым ядзерная ракета вылеціць несанкцыявана..."

"Настаўнік — палітычная апора не толькі ўлады, але і дзяржавы ў цэлым. І лекар таксама. У раёнах журналістаў, можа, два чалавекі. А настаўнікаў і лекараў шмат..."

***

Пра Офіс АБСЕ: "Офісы і ўсякія "палявыя кухні" ствараюцца там, дзе ёсць небяспека. Якую мы небяспеку ствараем у Еўропе? /.../ Чаму ў нас Офіс адчыняецца, а на захад ад Вены — не? Там праблемаў не менш". 

"Калі ёсць неабходнасць, хай накіруюць свайго прадстаўніка. Але навошта тут "накрываць цэлую паляну"? Пра аднаго прадстаўніка мы з АБСЕ мы дамовімся..." 

***

Пра крэдыт МВФ: "Мы не маем ніякіх ілюзій. Усё, што трэба МВФ, мы зрабілі, і нават удвая". 

"Дэвальвацыю яны прапаноўвалі 25% — мы зрабілі 56".

"Няма ніякіх падставаў не вылучыць нам крэдыты. Акрамя палітычных". 


"Як мне далажылі апошнім часам, яны хочуць мець гарантыі прэзідэнта. То бок, каб я гарантаваў тое, што паабяцаюць наш Нацбанк і ўрад". 

***

Лукашэнка пра Іосіфа Сярэдзіча: "Ну ладна! Ты так званы апазіцыянер..." 

***

Золатава спыталася пра лёс "Народнай Волі" і "Нашай Нівы". 


Лукашэнка: "Я падрабязна пра гэта не ведаю. Хай міністр праінфармуе... з гледзішча закону". 


Праляскоўскі: "Мы дзейнічалі ў рамках закону. /.../ "Народная Воля" — рэкардсмен па папярэджаннях: больш за 20 папярэджанняў. Кожны год 2-3".

Лукашэнка — пра "Нашу Ніву": "Я шкадую, што гэтая "Ніва" стала не той, што была раней, 100 гадоў таму. Гэта ж проста нейкая адмарожаная прэса!"

***

"Я буду абараняць канструктыўна настроеных... інтэрнэтчыкаў. Вы ж не спяваеце песні, прыемныя ўладзе. Мне не заўжды пра вас добрае дакладваюць."


"Хартыя гэтага не зробіць. Туды калі і захочаш што напісаць, мне казалі, то не праслізнеш. Такая вось "дэмакратыя"! А самі дэмакратыі патрабуюць..." 

***

Лукашэнка адзначыў, што ведае пра аўтааварыю, у якую трапіў трэнер Міхаіл Захараў: "Ён не адмовіўся ад экспертызы! Было 1,3 праміле. Мне зранку далажылі. Будзе адказнасць!"

***

Марыне Золатавай з TUT.BY Лукашэнка паведаміў, што інтэрнэт не такі ўжо і гадкі: "У інтэрнэце вельмі шмат карыснага. Але, канешне, і бандыты могуць скарыстацца. Вось і тэракт пачаўся з інтэрнэту: ён адтуль спампаваў шмат матэрыялаў". 

***

Лукашэнка паведаміў, што ягоны малодшы сын Коля атрымаў траўму: "Я быў, па няшчасці, у траўматалогіі з малышом: дабегаўся, пашкодзіў руку. Там расколіна была..."

***

Пра тое, што людзі здымаюць грошы з банкаў: "Калі здымеце грошы — не бегайце потым у міліцыю і не плачце, што вас абрабавалі!"

***

Пра "другую хвалю" будучага эканамічнага сусветнага крызісу: "Сёння і заўтра крызісу не будзе! Што будзе ў сярэднетэрміновай перспектыве — залежыць а ЗША. І ад той бойні, якую NATO развязала ў Тунісе і на арабскай дузе".

***

"Занадта вялікі гонар для іх — у турме трымаць. Яны апаганьваюць турмы! Там годныя людзі сядзяць, у турме!"

***

Пра Някляева: "Ён прыйшоў да маўклівых. Хай у яго спытаюць: дзе ён быў 19-га снежня, калі заклікаў на Плошчу? Ён схаваўся пад кодру ў больніцу! Выцягнуць не маглі..."

***

"У нас палітвязняў 2-3 чалавекі: Саннікаў, Ус і Статкевіч. Адкуль 180? Гэта нашая пятая калона дае ім такую даведку". 


"Я маю права памілаваць. Але ж не абавязак!"

***

Адказваючы на пытанне газеты "Мінская праўда", Лукашэнка заявіў, што крызіс не паўплывае на праграму развіцця гарадоў-спадарожнікаў сталіцы: "У Смалявічах людзі не павінны пакрыўдзіцца, што там будзе немалы горад".

"Я не хачу, каб Мінск быў як Брусэль ці Лондан. Я хачу, каб ён быў сямейна-кулуарным горадам".

***

Вользе Тарасевіч з "Обозревателя" (?): "Мне твае кніжкі перадавалі, некалькі штук. Адну я прачытаў, дэтэктыўную. Шчыра, я не чакаў, што з нашага беларускага журналіста можа атрымацца пісьменнік". 

***

Лукашэнка заявіў, што прызначаў кошт на 92-і бензін. А "дарагія" маркі (95-ы і 98-ы) павінны і каштаваць даражэй.

***

"Што датычыць іншых тавараў — адкручваць ці не адкручваць цэны... Гэта датычыць толькі Мінску. я ездзіў па рэгіёнах, і чальцы ўраду — такой вастрыні нідзе няма, толькі ў нашым "свядомым" Мінску". 


"Калі цэны будуць нізкія, то мы будзем карміць нашых суседзяў і нават еўрасаюзаўцаў — яны адчулі, што ў нас цэны ніжэйшыя". 


Лукашэнка заявіў, што не плануецца паніжаць цэны на тавары. А замест таго будуць павышацца заробкі. 

"Цэны самі па сабе не страшныя! Страшна, калі ў людзей не хапае грошай, каб купіць тавары".

***

"Мы амаль палову Польшчы і ўсю Прыбалтыку забяспечвалі бензінам за кошт кантрабанды." 


"А як зрабіла багатая бензінам Расія? Яна ўвяла забароннае мыта — 400, здаецца, адсоткаў... Чаго нас крытыкаваць? Паглядзіце, як выюць расійскія газеты. Сваіх крытыкуйце!"


Пра акцыі пратэстоўцаў на мяжы: "Наступныя акцыі мы будзем разглядаць як выпад не толькі супраць улады, але і супраць народу".

***

"Я разумею: вы не хочаце быў ні ў складзе Расіі, ні ў Еўрасаюзе на прынцыпах прыбалтыйскіх дзяржаваў. І правільна! ...Вы можаце ўваходзіць у склад Расіі ці Еўрасаюза, але — без мяне!"

***

"Успамінаю кітайцаў: яны за кубак рысу будуць цэлы дзень капаць кветнік і садзіць кветкі. У нас за бясплатна ніхто рыдлёўку ў рукі не возьме!" 

***

"Мне паказалі ў інтэрнэце заклікі: прыйдзі на Плошчу — стань героем! На каго гэта лозунг разлічаны?.. На тых, хто не сябруе з мазгамі і нічога ў жыцці не бачыў". 

"І з'явяцца такія героі, які зробяць выбух у метро".

***

Яўген Канановіч з "Народнай газеты" спытаў пра акцыю "СТОП-бензін" і акцыі на мяжы. Папрасіў іх пракаментаваць.

"Гэта што за акцыя?" — спытаўся Лукашэнка пра "СТОП-бензін".


Лукашэнка: "Па бензіне... Я даведаўся праз некалькі дзён, пасля таго, як прыняў рашэнне па бензіне, даведаўся, што была такая акцыя".


Лукашэнка кажа, што сказаў міністру ўнутраных спраў Куляшову: "Яшчэ адна такая акцыя і ты — без пагонаў!".

"Я вас пачую і на Бангалоры і яшчэ ў нейкім месцы. Толькі не трэба сябе ставіць супраць закону".


Лукашэнка агучыў лозунг з сацыяльных сетак: "Прыйдзі на Плошчу і стань героем".

***

Юрый Пракопаў з БТ хацеў задаць пытанне Аляксандру Лукашэнку. "Цябе яшчэ не выгналі? Бо цябе Еўрасаюз не пускае?" — спытаўся Лукашэнка". "Не пускае". Лукашэнка: "І слава Богу. А то таксама бегаў бы валюту шукаў".

***

"Калі тытуню яшчэ не будзе, то яшчэ курыльшчыкі выйдуць на плошчу... ".

Беларускае радыё спытала пра тое, як здабыць давер людзей пасля праведзенай дэвальвацыі.

***

"Я чалавек вельмі жвавы, вы нават не ўяўляце, наколькі жвавы... Нядаўна зусім выпадкова сустракаўся з касірам "Прыёрбанка"... зусім выпадкова. Скажы шчыра: Людзі нясуць валюту? — пытаюся. "Ай, Аляксандр Рыгоравіч, невялікія грошы нясуць, але нашыя работнікі гэта хутка разбіраюць, купляюць".


Я афіцыйна пра гэта інфармаваны Камітэтам дзяржбяспекі... Я гэта да таго, што я ведаю сітуацыю, я з бізнэсменамі сустракаюся".

"Усё майго сына крытыкуюць... Да яго бізнэсмены ідуць і скардзяцца. І ён у кожны панядзелак інфармуе, што там адбываецца... нават у лазні спакою няма".

"Бізнэсменамі сталі сёння і жаба, і кракадзіл... Бухгалтароў у нас мала добрых..."

"Я не хачу, каб мяне і маіх дзяцей [пасля прэзідэнцкага тэрміну] палкамі закідвалі, што я прадаў усё... Мяне не будзе, рабіце, што хаціце".

***

Галоўны рэдактар газеты "Беларусы і рынак" Вячаслаў Хадасоўскі спытаўся ў Лукашэнкі: "Калі нічога кардынальна не будзе мяняцца [у эканоміцы], адкуль возьмуцца сродкі для пагашэння знешняга доўгу? Якія крыніцы могуць быць выкарыстаны?" Аляксандр Лукашэнка зноў адхіліўся ад тэмы.

Аляксандр Лукашэнка на другой гадзіне прамовы пачаў адказваць на пытанні, але моцна адхіляецца ад зададзеных тэмаў.

"Калі вы хочаце ў мяне спытаць, ці будзе ў абменніках валюта? Адкажу: Не будзе, пакуль. А можа быць і будзе..."

"Я нядаўна прыходжу на работу, мне паклалі на стол выказванні некаторых заслужаных пенсіянераў... Камусьці не хапіла свіной шэі... Нібыта, у гэтай свінні больш органаў, чым часцей цела...".

"Можа і спекулянты патрэбныя, калі людзі купляюць. Але ў гэтай сітуацыі трэба прывыкаць да свайго, з крызісу трэба выйсці
з меншым імпартам. Галоўная прычына ўсіх сітуацый у краіне, што мы купляем болей, чым прадаем".

"Паглядзелі мы акуратна ў замочную адтуліну. У кожным гаражы па паўтоны бензіну ў кожнага!"

"Каву ўсе п'юць? Усе. Яе ў нас няма? Няма... В'етнамцы нас навучылі ў савецкія часы, калі з намі за танкі рысам разлічваліся... Гэта апошні год, калі мы пакутуем [пра дэфіцыт грэчкі]. Грэчку трэба есці ўсім у Беларусі".

"Я чакаю інфармацыі за паўгода... статыстычнай... Бо няма інфармацыі, няма аналізу... (яна 1-га ліпеня будзе) Каб больш жорсткія крокі рабіць... тады можна будзе на нейкі педаль націснуць... Пяць тысяч долараў — гэта завышаны курс для нашай краіны".

"Многія гавораць: хто вінаваты? Чаму ты дагэтуль не адрэзаў галовы?.. Вы мяне не нахіляйце, дарагія сябры... Вінаваты будзе, зарэжу...".

"Не буду называць дзяржавы, якія ў нас замовілі спадарожнікі і мы іх ужо робім... Гэта мільярды і мільярды долараў... Ішлі, ішлі мы, і спатыкнуліся...".

"Беларуськалій" — адно з самых каштоўных прадпрыемстваў... Мы нават яго гатовыя прыватызаваць. Умовы прапісаныя: каб супрацоўнікаў не звальняць, каб штогод іх заробкі павышаліся, каб прадпрыемства мадэрнізавалася... Чаму я супраць прыватызацыі? Я не супраць!"

"Хто купіць ["Беларуськалій"]? У вас ёсьць грошы на прыватызацыю? "Беларуськалій" каштуе 30
млрд долараў. У вас ёсць грошы?? Разумнікі налічылі, што ў людзей на руках 20 млрд. Скажыце, хто тады купіць гэтыя
прадпрыемствы? Вы ведаеце, хто сёння точыць зубы на нашыя прадпрыемствы".

"Не дай Бог я б прадаў хоць адно прадпрыемства... няправільна, мяне б з зямлёй зраўнялі, скруцілі, сказалі, што я — карупцыянер".

"Трактары, прапашныя трактары.. праснуліся Расія, Украіна, гэта ж вялікая тэрыторыя, рыдлёўкай не разарэш... Усё б перажылі, калі б не было панікі ў пачатку года.. І цяпер вы хочаце сказаць, што гэтая структура не гадзіцца?... Хто скажа, што сельская гаспадарка не трэба?! Бо галоўнае — гэта чалавек: накарміць, напаіць... А нам кажуць — давай іншую структуру!"

"Калі я апынуўся ў універсітэце... выпадкова, там жа адны дзеці чыноўнікаў былі, мне казалі: эй ты, дзярэўня!.. Тады мне было не па сабе псіхалагічна... Цяпер я такога комплексу не маю".

"Калі зусім будзе катастрофа, закрыем межы і будзе купляць толькі тое, што нам трэба — імпарт. Толькі тое, што трэба.. не дай божа, што прыдзецца перакрываць межы".

"Трэба, каб у аграгарадку была гарачая вада, каб даярка, свінарка, прыйшоўшы дахаты, клалася да мужыка ў ложак памытая...".

"Калі я браўся за сельскую гаспадарку, заўважце, у адзіночку!.. За апошнія 5-7 гадоў, і ня ўся сума, падлічваецца, у сельскую гаспадарку ўкінулі 45 мільярдаў долараў. Амаль у кожнай гаспадарцы мы збудавалі аграгарадкі, дзе горш, дзе лепш".

"Хто мне дасць трыльён долараў для таго, каб змяніць структуру эканомікі? Гэта структура ў Беларусі стваралася сто гадоў як мінімум...".

"Калі ўвесь свет стагнаў ад крызісу і мільёны людзей былі выкінутыя на вуліцы, пазбаўленыя сродкаў для існавання, у Беларусі як было? Спакойна, крызісу мы не заўважылі. Думаеце, гэта проста так абыйшлося?.. Мы для гэтага вельмі шмат зрабілі".

"Чыноўнікі некаторыя бразгаюць языком: паясы зацягнуць... Большай дурносці не магу пачуць. Няма той сітуацыі, каб сёння зацягваць паясы. Мы ішлі сваёй дарогай, і будзе ёй ісці".

"Сёння іншымі метадамі спрабуюць разгайдаць Беларусь. У тым ліку праз сметніцу, назва якой — інтэрнэт. Гэта новы падыход, выпрабаваны ў іншых краінах".

***

Чакаецца, што Аляксандр Лукашэнка зробіць чарговыя гучныя заявы ў справе ўнутранай і знешняй палітыкі.

"Прэс-канферэнцыя прадугледжаная паўгадавым графікам працы прэзідэнта. Мы прапаноўвалі адмяніць яе ці перанесці на некаторы час з улікам той няпростай фінансава-эканамічнай сітуацыі, якую цяпер перажывае наша краіна. Аднак кіраўнік дзяржавы пакінуў гэтае мерапрыемства ў сваім працоўным графіку і настроены на адкрытую і шчырую размову з журналістамі", — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.

На сустрэчы з журналістамі Лукашэнка адкажа на "злабадзённыя пытанні, якія хвалююць грамадзян краіны", перадае БЕЛТА.

У той жа час на прэс-канферэнцыю не атрымала допуск інфармацыйная кампанія БелаПАН.

Фота — gettyimages.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі