Лукашэнка: мы не супраць, што БАТЭ зарабляе

У аўторак прайшла нарада, прысвечаная мерам дзяржаўнай падтрымкі спартыўных арганізацый.

Шмат увагі надавалася заробкам спартсменаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нелагічна, калі клубы атрымліваюць бюджэтную падтрымку, маюць льготы і пры гэтым плацяць вельмі вялікія заробкі. Ён заклікаў вызначыць і выраўняць фонд заробкаў.

"А калі мы наагул не абмяжуем гэтыя апетыты ў заробках, не прывязаўшы іх да чагосьці, мы будзем незразумела на што гэтыя грошы траціць", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

Ён нагадаў, што найбольшыя заробкі атрымліваюць хакеісты і футбалісты, а "вынік амаль адваротны".

Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас прывёў прыклад БАТЭ. Калі б не грошы, якія клуб зарабіў за выступы ў Лізе чэмпіёнаў, то заробкі ў камандзе былі б у тры разы меншыя.

На гэта Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы і не гаворым пра тое, што зарабілі за мяжой, і пра тое, што даў прыватнік. Калі ласка, БАТЭ гэта зарабіў. Толькі трэба пры гэтым не забываць, што ёсць матэрыяльная база і дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы — крыніца далейшага росту ў БАТЭ. Таму гэта таксама трэба бачыць. Але мы не супраць, няхай БАТЭ зарабляе".

Лукашэнка заклікаў стварыць роўныя ўмовы, а ўзровень заробкаў мусіць залежаць ад вынікаў, падкрэсліў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі